Беларускія зборныя ў адборавых матчах чэмпіянатаў свету і Еўропы



Адразу тры футбольныя зборныя Беларусі правядуць 10 кастрычніка матчы адборавых турніраў чэмпіянатаў свету і Еўропы.

Нацыянальная зборная ў заключным паядынку кваліфікацыйнай групы А чэмпіянату свету-2018 згуляе ў Парыжы з камандай Францыі (пачатак гульні ў 21.45, прамая трансляцыя на тэлеканале „Беларусь 5”). Для французаў перамога ў гэтай сустрэчы адкрые прамую дарогу ў фінальную стадыю сусветнага першынства, а беларусы пастараюцца паказаць добрую гульню і завяршыць сезон на мажорнай ноце.

Зборная Беларусі ўжо мае пераможны вопыт у гульнях з „мушкецёрамі”: у верасні 2010 года каманда Бернда Штанге сенсацыйна абыграла французаў на полі „Стад дэ Франс” – 1:0. У чэрвені 2011-га сапернікі разышліся мірам на газоне менскага стадыёна „Дынама” – 1:1. На старце сёлетняга адборачнага турніру падапечныя Ігара Крывушэнкі згулялі з камандай Дзідзье Дэшама ўнічыю – 0:0. У пасіве беларускіх футбалістаў два паражэнні – 1:3 у 2012-м і 2:4 на год пазней.

Сёння ў гэтай групе адбудуцца яшчэ два матчы 10-го тура: Нідэрлянды – Швецыя, Люксембург – Балгарыя.

Турнірнае становішча: Францыя – 20 ачкоў (розніца мячоў – 16-5), Швецыя – 19 (26-7), Нідэрлянды – 16 (19-12), Балгарыя – 12 (13-18), Беларусь – 5 (5-19), Люксембург – 5 (7-25).

Моладзевая зборная Беларусі (U-21) у Барысаве сустрэнецца з равеснікамі з Малдовы ў чарговым паядынку кваліфікацыі ЧЕ-2019. Сустрэча пачнецца ў 19.00 і будзе паказана ў прамым эфіры тэлеканала „Беларусь 5”. У папярэднім туры беларусы ўступілі на выездзе харватам з лікам 1:2, прапусціўшы два мячы ў кампенсаваны час другога тайма. Раней беларуская „маладзёжка” выйграла ў Сан-Марына – 1:0 (дома), згуляла ўнічыю з чэхамі – 1:1 (у гасцях) і ўступіла Грэцыі – 0:2 (дома). Малдаўскія футбалісты абыгралі Сан-Марына (2:0), а таксама пацярпелі паражэнні ад харватаў (0:3) і грэкаў (1:5 і 0:2).

Становішча каманд у 1-й адборавай групе: Грэцыя – 9 ачкоў (3 матчы; розніца мячоў – 9-1), Харватыя – 6 (2; 5-1), Беларусь – 4 (4; 3-5), Малдова – 3 (4; 3-10), Чэхія – 1 (1; 1-1), Сан-Марына – 0 (2; 0-3).

Беларуская юніёрская зборная (U-19) у заключным кваліфікацыйным паядынку 2-й групы кантынентальнага першынства ў польскім Хожуве сустрэнецца з камандай Паўночнай Ірляндыі. Беларусы ўжо страцілі шанцы выйсці ў наступны адборачны этап, пацярпеўшы паражэнні ад футбалістаў Германіі – 1:5 і Польшчы – 0:3. Менавіта гэтыя каманды прадоўжаць барацьбу за пуцёўкі ў фінальную стадыю юніёрскага ЧЕ, атрымаўшы па дзве вікторыі на старце спаборніцтваў.

belta.by

Фота sport.tut.by