Беларусы аптымістычна завяршылі гандбольны Еўра



Беларусы аптымістычна завяршылі гандбольны Еўра. У заключным паядынку зборная Беларусі надзвычай упэўнена перамагла Сербію – 32:27. Матч ужо нічога не вырашаў, акрамя прэстыжу. Беларускія хлопцы паказалі лепшы настрой на сустрэчу і вышэйшае майстэрства.

З самага пачатку каманда Юрыя Шаўцова дыктававала свае ўмовы на пляцоўцы. Арганізоўваў атакі і часта іх завяршаў капітан дружыны Барыс Пухоўскі. Удала дзеілі на краях Дзяніс Рутэнка і Андрэй Юрынок. А на браме надзейна працаваў Вячаслаў Салдаценка – у першым тайме працэнт яго сэйваў склаў ажно 56 (!). Увогуле каманда радавала зладжанымі дзеяннямі, беларусы былі наперадзе на 4-5 мячоў і пайшлі на перапынак пры ліку 16:11.

У другой палове матчу характар сустрэчы не змяніўся. Сербы неяк скарацілі розніцу да трох мячоў, але беларусы аднавілі статус-кво і трымалі да канца балканцаў на адлегласці. У выніку – пераканаўчая вікторыя. У сваёй шасцёрцы Беларусь заняла 5-е месца, а значыць увайшла ў дзясятку лепшых дружын кантыненту.

Беларускае Радыё Рацыя