Беларусы і расейцы будуць адхілены ад удзелу ў Бостанскім марафоне
Грамадзяне Беларусі і Расеі прапусцяць Бостанскі марафон з-за вайны ва Украіне, паведамляе прэс-служба Бостанскай лёгкаатлетычнай асацыяцыі.
„Мы лічым, што бег – гэта глабальны від спорту, і таму мы павінны зрабіць усё магчымае, каб выказаць сваю падтрымку народу Украіны”, – гаворыцца ў заяве. Бостанскі марафон адбудзецца 18 красавіка. Штогадовае мерапрыемства праводзіцца з 1897 года ў Дзень патрыёта. Рэкардсменам па колькасці перамог у Бостанскім марафон з’яўляецца Кларэнс Дэмар. Ён станавіўся першым сем разоў.
Арганізатары „Уімблдона” кансультуюцца з урадам наконт магчымага бана гульцоў з Расеі і Беларусі.
Арганізатары „Уімблдона-2022” кансультуюцца з урадам Вялікабрытаніі адносна таго, ці варта дазволіць гульцам з Расеі і Беларусі ўдзельнічаць у сёлетнім турніры на фоне ваенных дзеянняў ва Украіне. Пра гэта паведамляе bbc.com. На дадзены момант беларускім і расейскім тэнісістам дазволена выступаць на спаборніцтвах, аднак не пад сцягамі сваіх краін. «Мы плануем аб’явіць аб рашэнні да заканчэння тэрміну падачы заявак у сярэдзіне траўня», – гаворыцца ў заяве AELTC.
Усман Дэмбеле адхіліў прапанову „Чэлсі” аб пераходзе
Нападнік „Барселоны” Усман Дэмбеле не пяройдзе ў „Чэлсі”, паведамляе El Larguero са спасылкай на журналіста Cadena SER Хаўера Матальянаса. Паводле інфармацыі крыніцы, 24-гадовы француз адхіліў прапанову лонданскага клуба аб пераходзе. Раней паведамлялася, што „Чэлсі” хоча падпісаць нападніка на правах свабоднага агента падчас летняга трансфернага акна. У гэтым сезоне Дэмбеле забіў два мячы і аддаў 10 выніковых перадач у 22 матчах за „Барселону”.
Юлія Гатоўка выйшла ў 1/8 фіналу турніру ў Партугаліі
Беларуска Юля Гатоўка (225-ы нумар рэйтынгу ВТА) выйшла ў 1/8 фіналу турніру ў партугальскім Аэйрашы. У матчы 1/16 фіналу наша суайчынніца разграміла прадстаўніцу Польшчы Катаржыну Каву (147 ВТА) – 6:2, 6:1.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: EPA-EFE/HERB SWANSON