Беларусы перамаглі грэкаў у першым матчы кваліфікацыі юніёрскага ЧЕ па футболе
Футбалісты юніёрскай зборнай Беларусі (U-19) пераможна пачалі выступы ў першым крузе кваліфікацыі адборавага турніру першынства Еўропы. У стартавым матчы групы 8 у турэцкім Манаўгаце беларусы выйгралі ў каманды Грэцыі з лікам 1:0. Пераможны мяч на 36-й хвіліне гульні забіў Руслан Мялкоўскі. У другім туры 18 лістапада каманда Міхаіла Мархеля згуляе са зборнай Турцыі, а 21 лістапада завершыць першы этап гульнёй з аднагодкамі з Літвы. У элітны раунд адборавага турніру юніёрскага кантынентальнага першынства выходзяць па дзве лепшыя каманды з 13 груп, а таксама лепшая зборная з трэціх месцаў (па дадатковых паказчыках).
Хакеісты „Ліды” спынілі пераможную серыю „Віцебска” у экстралізе
У сераду двума матчамі ў Гомелі і Лідзе працягнуўся рэгулярны чэмпіянат беларускай хакейнай экстралігі. Хакеісты „Віцебска” ў гасцях пацярпелі нечаканую паразу ад „Ліды”, якая перад матчам ішла ў табліцы перадапошняй. „Мядзведзі” адкрылі лік у сярэдзіне стартавай траціны, але затым прапусцілі чатыры шайбы запар, здолеўшы адказаць толькі адным голам у канцоўцы другога перыяду. У распараджэнні паўночнікаў былі 20 хвілін на выратаванне, але закінуць хаця б аднойчы не атрымалася. У выніку 4:2 на карысць „Ліды”, дубль за „рыцараў” у другім матчы запар аформіў Ягор Алешын. „Віцебск” жа прайграў упершыню з 11 кастрычніка, месячны адрэзак змясціў дзевяць перамог запар. У падначаленых Рамана Юпатава засталіся 44 ачкі і другая пазіцыя – столькі ж балаў у „Шахцёра”, але „гарнякі” лідыруюць па дадатковых паказчыках. Паралельна ў Гомелі мясцовы клуб таксама даволі раптоўна разграміў „Нёман”, хаця ў табліцы каманды ідуць практычна побач: „рысі” – трэція, гарадзенцы – пятыя. Адносна ўдалым для гасцей апынуўся толькі першы перыяд, які скончыўся з нулямі на табло. Далей у хакей гуляла толькі адна каманда: у другім перыядзе гамяльчане засмуцілі „Нёман” тройчы, а затым дадалі яшчэ дзве шайбы ў трэцім. У выніку пераканаўчая перамога калектыву пад кіраўніцтвам Сяргея Стася – 5:0.
Баскетбалісты „Менска” не ўтрымалі перамогу над „Астаной”
Баскетбалісты „Менска” пацярпелі дзясятую паразу ў гульнях рэгулярнага чэмпіянату Адзінай лігі ВТБ. У паядынку ў сталіцы Казахстана менчукі доўгі час выйгравалі ў баскетбалістаў „Астаны”, аднак не змаглі давесці сустрэчу да перамогі, саступіўшы ў выніку з розніцай у чатыры балы – 74:78. Самым выніковым у складзе беларускай каманды стаў Уладзіслаў Мікульскі, які набраў 14 ачкоў. Падначаленыя Расціслава Вергуна застаюцца адзінай камандай, якая не святкавала ніводнай вікторыі ў гэтым сезоне.
Алькарас абыграў Рублёва на выніковым турніры АТР
Іспанец Карлас Алькарас здабыў першую перамогу на выніковым турніры Асацыяцыі тэнісістаў-прафесіяналаў (АТР) у Турыне. У гульні другога тура „чырвонай” групы Алькарас выйграў у дзвюх партыях у расіяніна Андрэя Рублёва – 7:5, 6:2.
Беларускае Радыё Рацыя