Беларусы пераможна стартавалі ў кваліфікацыі ЧС па пляжным футболе



Беларусы паспяхова пачалі выступленне ў адборавым турніры чэмпіянату свету па пляжным футболе ў Баку.

У першым паядынку папярэдняй групы D беларускія падначаленыя іспанскага спецыяліста Нікаласа Альварада разграмілі каманду Турцыі з лікам 10:2. У першым перыядзе беларусы толькі двойчы забілі супернікам, а потым поўнасцю авалодалі ініцыятывай і давялі справу да буйной вікторыі. Галявыя дублі ў складзе беларусаў аформілі Ігар Брыштэль, Ягор Гардзецкі і Вадзім Бокач, па адным мячы забілі Алег Гапон, Юрый Пятроўскі і галкіпер Уладзімір Усціновіч, адзін гол туркі забілі ў сваю браму. Заўтра беларуская каманда сустрэнецца з датчанамі, якія сёння згуляюць са швейцарцамі. У апошнім матчы папярэдняга этапа 7 ліпеня беларусы будуць супернічаць са зборнай Швейцарыі.

Шкурын афіцыйна гулец польскай «Сталі»

Польская «Сталь» Мелец абвясціла пра падпісанне беларускага нападніка Іллі Шкурына. Пагадненне разлічана да чэрвеня 2024 года. Мінулы сезон форвард правёў у «Макабі» Пэтах-Цікве з другога ізраільскага дывізіёна, дзе забіў 15 мячоў, аддаў 4 галявыя перадачы. У мінулым сезоне „Сталь” заняла 11-е месца ў экстракласе. Беларускі футбаліст стаў самым дарагім гульцом у складзе каманды з Мелеца. Кошт нападніка па дадзеных transfermarkt – 600 тысяч еўра.

Экс-настаўнік БАТЭ Аляксандр Міхайлаў знайшоў працу ў Польшчы

Спецыяліст будзе працаваць трэнерам-аналітыкам у дублі кракаўскай „Віслы”. Рэзервовая каманда выступае ў пятым дывізіёне чэмпіянату Польшчы. У штабе дубля „Віслы” працуе яшчэ адзін беларус – трэнер брамнікаў Сяргей Міхайлаў. Аляксандр Міхайлаў дзевяць гадоў працаваў у БАТЭ. У першай палове 2022 года ён быў галоўным трэнерам клуба. У жніўні таго ж года ён пакінуў барысаўскую каманду.

Яшчэ адна зорка сусветнага футболу перабіраецца ў Саудаўскую Аравію

Пра падпісанне кантракту з форвардам «Ліверпуля» Раберта Фірміна абвясціў «Аль-Ахлі». 31-гадовы бразілец падпісаў кантракт да 2026 года, паведаміў клуб у сваім твітары. Фірміна перайшоў у новы клуб у статусе свабоднага агента. Раней «Аль-Ахлі» купіў галкіпера «Чэлсі» Эдуара Мендзі за 16 мільёнаў фунтаў. Фірміна пачынаў кар’еру ў бразільскім «Фігейрэнсе», потым гуляў за нямецкі «Хофенхайм», у «Ліверпуль» перайшоў у 2015 годзе. Правёў 256 матчаў, забіў 82 галы.

«МЮ» зрабіў вусную прапанову «Інтэру» па Анане ў памеры 39 мільёнаў фунтаў стэрлінгаў

«Манчэстэр Юнайтэд» прадставіў вусную прапанову па галкіперы «Інтэра» Андрэ Анана, паведамляе Фабрыцыо Рамана. Англійскі клуб гатовы прапанаваць „нэрадзуры» 39 мільёнаў фунтаў стэрлінгаў (ці каля 45,5 мільёнаў еўра) з улікам магчымых бонусаў. У хуткім часе гэтую суму агучаць афіцыйна. У міланскім клубе жадаюць атрымаць за свайго асноўнага брамніка 60 мільёнаў еўра з улікам бонусаў. Пакуль клубы не дасягнулі згоды. Сам 27-гадовы камерунец таксама зацікаўлены ў пераходзе. Раней паведамлялася, што «Інтэр» у якасці патэнцыйнай замены Анана разглядае брамніка «Шахцёра» і зборнай Украіны Анатоля Трубіна.

Другі дзень запар на „Уімблдоне” з-за дажджу спыняецца гульнявая праграма

Старт трэцяга гульнявога дня „Уімблдона” не адбыўся. Як і ў аўторак, паядынкі на турніры „Вялікага шлема” адкладзены з-за дажджу. На двух галоўных кортах, дзе ёсць дах, гульні пройдуць па раскладзе: на корце гуляюць Данііл Мядзведзеў і Артур Феры, на цэнтральным корце Дар’я Касаткіна сустрэнецца з Джодзі Брэйрэйдж. У аўторак з-за дрэннага надвор’я не адбылася пераважная большасць матчаў, таму на сераду былі запланаваны 87 матчаў першага і другога круга: 45 у мужчынскай сетцы і 42 у жаночай.

Вусік падпісаў кантракт на бой супраць Ф’юры

Мэнэджар чэмпіёна свету WBA, WBO і IBF у суперцяжкай вазе Аляксандра Вусіка Эгіс Клімас заявіў, што баксёр падпісаў кантракт на тытульны бой супраць непераможанага брытанца Тайсана Ф’юры.

Так, мы ўсе жадаем, каб гэты бой адбыўся. Проста хачу, каб увесь свет ведаў: з боку каманды Вусіка ўсё падпісана і заверана”, – як перадае „Спорт-Экспрэс”, напісаў Клімас у сацыяльных сетках. Ф’юры ў мінулым баі перамог Дэрэка Чысору тэхнічным накаўтам у 10-м раундзе. Паядынак адбыўся 3 снежня на стадыёне „Тотэнхэм Хоцпур” у Лондане. Аляксандр Вусік у мінулым баі перамог Энтані Джошуа  паасобным рашэннем суддзяў. Бой адбыўся ў Саудаўскай Аравіі.

Беларускае Радыё Рацыя