Беларусы прайгралі чэхам у кваліфікацыі чэмпіянату свету



Футбалісты зборнай Беларусі пацярпелі другую паразу запар у адборавым турніры чэмпіянату свету 2022 года. У сваім трэцім паядынку кваліфікацыйнай групы Е беларусы прайгралі ў Астраве зборнай Чэхіі 0:1. Беларускія футбалісты пратрымаліся крыху больш за паўгадзіны, а на 34-й хвіліне Антанін Барак ўсё ж трапіў у браму Сяргея Чэрняка. Цяпер каманда Георгія Кандрацьева адправіцца ў Казань, дзе правядзе два наступныя паядынкі: 5 верасня са зборнай Уэльса, і 8 верасня з Бельгіяй. У гэтай жа групе эстонцы з буйным лікам прайгралі ў Таліне бельгійцам – 2:5 – дублем адзначыўся Рамэлу Лукаку.  

Футбалісты моладзевай зборнай Беларусі прайгралі ісландцам ў кваліфікацыі ЧЕ

Футбалісты моладзевай зборнай Беларусі (U-21) з паразы пачалі выступы ў адборавым турніры кантынентальнага першынства 2023 года. У Берасці падначаленыя Сяргея Ясінскага ў першым паядынку кваліфікацыйнай групы D прайгралі камандзе Ісландыі з лікам 1:2. Галявы дубль у складзе гасцей аформіў Хакон Харальдсан, які вызначыўся на 20-й і 54-й хвілінах, а мяч у адказ на 70-й хвіліне забіў Аляксандр Шасцюк. Пасля гэтай гульні беларускія футбалісты паедуць на гасцявую сустрэчу з адным з галоўных фаварытаў турніру камандай Партугаліі, якая адбудзецца 6 верасня ў горадзе Амадора. 

Польшча абыграла Албанію. Левандоўскі і Крыховяк забілі па голу

У рамках адбору на чэмпіянат свету сустракаліся зборныя Польшчы і Албаніі. Сустрэча праходзіла на стадыёне «Нарадовы» у Варшаве. На 12-й хвіліне форвард палякаў Роберт Левандоўскі пасля перадачы Каміля Гліка адкрыў лік у матчы. На 25-й хвіліне албансктя нападнік Сокал Чыкалешы аднавіў раўнавагу. На 44-й хвіліне Адам Букса вывеў гаспадароў наперад, а праз 10 хвілін пасля перадачы Роберта Левандоўскага Гжэгаш Крыховяк ўмацаваў перавагу польскай каманды. За хвіліну да заканчэння асноўнага часу Караль Лінецці ўсталяваў канчатковы лік у матчы, забіўшы чацвёрты гол палякаў 4:1. У іншых матчах Швецыя абыграла Іспанію, Віктар Клаасан забіў пераможны мяч 2:1. Зборная Англіі разграміла ў гасцях Венгрыю 4:0. Італія згуляла ўнічыю з Балгарыяй 1:1 і паўтарыла сусветны рэкорд, не прайграўшы ў 35 матчах запар. 

Зборная Аргенціны з Месі абыграла Венесуэлу 

У матчы дзевятага тура кваліфікацыі чэмпіянату свету па футболе 2022 года зборная Венесуэлы прымала Аргенціну. Сустрэча завяршылася перамогай зборнай Аргенціны з лікам 3:1. Нападнік зборнай Аргенціны і «Пары Сэн-Жэрмэн» Ліянэль Месі правёў на полі ўсе 90 хвілін, але забіць гол не здолеў. Зборная Аргенціны паднялася на другое месца ў турнірнай табліцы, набраўшы 15 ачкоў. Бразілія абыграла Чылі 1:0. Адзіны мяч на 64-й хвіліне забіў паўабаронца Эвертан Рыбейра, які выйшаў на замену. Неймар правёў на полі ўсе 90 хвілін і атрымаў жоўтую картку. Бразілія набрала 21 ачко ў сямі сустрэчах і, займаючы першае месца ў  групе, павялічыла адрыў ад бліжэйшага пераследніка на шэсць ачкоў. 

Жлобінскі „Металург” нанёс паразу менскаму „Юнацтву” ў матчы чэмпіянату Беларусі па хакеі

Жлобінскі „Металург” у авертайме нанёс паразу менскаму „Юнацтву” ў матчы другога тура чэмпіянату Беларусі па хакеі. Каманда Дзмітрыя Краўчанкі святкавала перамогу з лікам 4:3. „Шахцёр” дамогся першай перамогі ў сезоне, адолеўшы „Магілёў” – 2:0. У яшчэ адным матчы дня „Дынама-Маладзечна” разграміла срэбраных медалістаў леташняга чэмпіянату з „Гомеля” – 3:0.

Беларус Ілья Івашка выйшаў у 1/16 фіналу US Open

Беларускі тэнісіст Ілля Івашка прабіўся ў трэці раўнд адкрытага чэмпіянату ЗША. У 1/32 фіналу беларус перамог канадскага тэнісіста Вашыка Паспішыла – 6:3, 6:4, 7:6 (7: 5).  

Беларускае Радыё Рацыя