Беларусы прайгралі егіпцянам у матчы чэмпіяната свету па гандболе
Гандбалісты зборнай Беларусі пацярпелі разгромную паразу ў перадапошнім матчы другога этапу чэмпіянату свету, які працягваецца ў Егіпце. Сустрэчу з гаспадарамі сусветнага першынства падначаленыя Юрыя Шаўцова правялі дрэнна, прайграўшы першы тайм з розніцай у сем мячоў – 14:21. Пасля перапынку гульня праходзіла па тым жа сцэнары, і ў выніку егіпцяне выйгралі з лікам 35:26. На старце другога этапа беларусы згулялі ўнічыю са шведамі 26:26, а 24 студзеня завершаць выступ на планетарным форуме сустрэчай з камандай Паўночнай Македоніі, якая напярэдадні саступіла расейцам – 20:32.
Хакеісты гарадзенскага „Нёмана” абыгралі „Магілёў”
Хакеісты гарадзенскага „Нёмана” абыгралі „Магілёў” у матчы чэмпіянату Беларусі. Сустрэча завяршылася на карысць каманды Андрэя Сідарэнкі ў булітнай серыі – 4:3. Пасля першага перыяду нішто не казала пра тое, што гарадзенскую дружыну чакаюць праблемы з наборам ачкоў. Ігар Варывончык і Ігар Казячы, закінуўшы па шайбе ў брамку „львоў”, здавалася б, вырашылі ўсе пытанні адносна зыходу паядынку.
Аднак магілёўскія хакеісты не палі духам і ў другім перыядзе змаглі адквітаць адну шайбу. У большасці вызначыўся Андрэй Герасімаў. Ягор Сцяпанаў на 31-й хвіліне матчу аднавіў розніцу ў ліку. Аднак супернікі гарадзенцаў паступова перахапілі ініцыятыву. Гэта ў іх атрымалася пасля другога перапынку, калі Арцём Васько і Ілля Шапіра зраўнялі лік. Сустрэча перайшла ў авертайм. У дадатковы час каманды закінуць не змаглі, а ў серыі пасляматчавых кідкоў дакладней былі гарадзенцы. Пераможны буліт выканаў Арцём Ляўша.
Акрамя таго, у спрэчцы аршанскага „Лакаматыва” і маладэчанскага „Дынама” з мінімальным перавагай – 2:1 перамогу святкавалі „чыгуначнікі”. Хакеісты салігорскага „Шахцёра” абыгралі „Металург-Жлобін” 4:1. Сталічнае „Юнацтва” ўпэўнена абыграла „Гомель” 4:0.
Логінаў выйграў індывідуальную гонку на этапе Кубка свету па біятлоне ў Італіі
Расейскі біятланіст Аляксандр Логінаў выйграў індывідуальную гонку на сёмым этапе Кубка свету ў італьянскім Антхольцы. Адлегласць у 20 км з чатырма агнявымі рубяжамі ён пераадолеў за 48 хвілін 41,8 секунды. Пры гэтым дасведчаны спартовец не дапусціў ніводнага промаху. Не зашкодзіла расейцу выйграць нават зламаная па ходзе дыстанцыі лыжная палка. З другім часам пасля расейца фінішаваў нарвежац Стурла Хольм Легрэйд, які саступіў пераможцу 58,5 секунды і двойчы прамахнуўся. Замкнуў тройку наймацнейшых француз Кент Фіён Майі. Дапусціўшы два промахі, ён адстаў на 1 хвіліну 10,6 секунды. Што тычыцца беларускіх біятланістаў, то вышэй за іншых у выніковым пратаколе размясціўся Антон Смольскі. Ён не зачыніў тры мішэні, саступіў пераможцу 3 хвіліны 29,5 секунды, заняўшы 28-е месца. Мікіта Лабастаў – 32-ы. Сяргей Бачарнікаў – 57-ы, Дзмітрый Лазоўскі – 77-ы , Максім Верабей – 84-ы. Усяго стартавалі 97 біятланістаў.
Новы футбольны сезон у Беларусі адкрыецца матчам за Суперкубак
Новы футбольны сезон у Беларусі адкрыецца 2 сакавіка. Такое рашэнне прынялі ўдзельнікі першага ў гэтым годзе пасяджэння выканкама асацыяцыі „Беларуская федэрацыя футбола”. У другі дзень вясны на полі футбольнага клуба „Мінск” у матчы за Суперкубак сустрэнуцца чэмпіён салігорскі „Шахцёр” і ўладальнік Кубка Беларусі барысаўскі БАТЭ. У мінулыя гады барысаўчане сем разоў выйгравалі гэты трафей, а салігорская каманда яшчэ ні разу яго не ўздымала.
„Барысфен” сышоў на каранцін. Каманда не зможа дэбютаваць у Кубку Еўропы ФІБА
Магілёўскі „Барысфен” не зможа дэбютаваць у Кубку Еўропы ФІБА, групавы раўнд у якім ён павінен быў праводзіць з 26 па 29 студзеня ў Нідэрландах. Пасля абавязковай здачы тэстаў на COVID-19 у некаторых гульцоў апынуліся станоўчыя вынікі. Каманда адпраўлена на ізаляцыю да 2 лютага.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя
