„Мяшкоў Брэст” заняў чацвёртае месца ў SEHA-лізе



Футбалісты зборнай Беларусі прайгралі камандзе Уэльса з лікам 2:3 у адборавым матчы чэмпіянату свету 2022 года. З-за праблем з авіязносінамі беларусы свой хатні паядынак з валійцамі праводзілі ў Казані. У складзе беларускай каманды галамі вызначыліся Віталь Лісаковіч і Павел Сядзько, а вось у намінальных гасцей сваё важкае слова сказаў Гарэт Бэйл, які адзначыўся хет-трыкам. Наступны матч падначаленыя Георгія Кандрацьева таксама згуляюць у Казані: 8 верасня яны сустрэнуцца з лідэрам кваліфікацыйнай групы Е камандай Бельгіі, якая напярэдадні ў Брусэлі разграміла чэхаў – 3:0. У іншых матчах адборавага турніру палякі разграмілі каманду Сан-Марына 7:1 дзякуючы хет-трыку Адама Буксы, дублю Роберта Левандоўскага, а таксама галам Караля Лінэці і Караля Свідэрскага. Зборная Італіі разышлася мірам са швейцарцамі 0:0. На 53-й хвіліне Жаржыньё не забіў за Італію пенальці. Зборная Германіі забіла шэсць мячоў армянам – дубль на рахунку Сержа Гнабры.

Матч Бразілія – ​​Аргенціна адменены. Гасцям пагражае тэхнічная параза

Матч кваліфікацыі чэмпіянату свету-2022 паміж зборнымі Бразіліі і Аргенціны афіцыйна адменены. Пра гэта паведаміла прэс-служба КОНМЕБОЛ. Далейшы лёс сустрэчы будзе вызначаны пасля таго, як суддзя і камісар матчу прадставяць справаздачу ў Дысцыплінарны камітэт ФІФА. Каманды паспелі правесці некалькі хвілін гульні, пасля чаго на поле пачалася бойка. Сустрэча была спыненая з-за парушэння правілаў каранціну з боку чальцоў аргенцінскай каманды. Чатыры аргенцінца, якія выступаюць у ангельскіх клубах, нібыта далі несапраўдныя звесткі аб тым, што ў апошні час не наведвалі Вялікабрытанію. Чакаецца, што зборнай Аргенціны прысудзяць тэхнічную паразу, калі віна футбалістаў будзе даказаная.

„Мяшкоў Брэст” заняў чацвёртае месца ў SEHA-лізе

Гандбалісты клуба „Мяшкоў Брэст” не змаглі трапіць у лік прызёраў дзясятага розыгрышу SEHA-лігі, які завяршыўся ў харвацкім Задары. У матчы за трэцяе месца чэмпіёны Беларусі прайгралі лепшаму ўкраінскаму клубу – запарожскаму „Матору” – 20:31. Пераможцам юбілейнага розыгрышу SEHA-лігі, як і ў мінулым сезоне, стаў „Веспрэм”, які адолеў ў вырашальным паядынку „Заграб”. Гульнявы ​​час фіналу завяршыўся ўнічыю – 27:27, а ў серыі пенальці поспех быў на баку венгерскай каманды – 4:2.

Хакеісты мінскага „Дынама” абыгралі чарапавецкую „Северсталь”

Хакеісты мінскага „Дынама” абыгралі чарапавецкую „Северсталь” у матчы чэмпіянату КХЛ. Падначаленыя Крэйга Вудкрафта былі мацней з лікам 4:1. У складзе „зуброў” шайбы закінулі Лукас Бенгсан, Дзяніс Мосалеў, Ілля Усаў і Дзмітрый Буйніцкі. Завершыць выязную серыю каманда з Беларусі 7 верасня ў Яраслаўлі гульнёй супраць „Лакаматыва”.

Беларусы выйгралі тры медалі на моладзевым ЧЕ па акадэмічным веславанні ў Польшчы

Беларускія спартоўцы выйгралі тры медалі на маладзёжным чэмпіянаце Еўропы па акадэмічным веславанні, які завяршыўся ў польскім Крушвіцэ. У стартах чацвёрак парных у мужчын беларускі экіпаж у складзе Кірыла Ціханавіча, Яўгена Залатога, Арцёма Лапуціна і Уладзіслава Локуна стаў уладальнікам срэбра кантынентальнай рэгаты. Золата ў дадзеным выглядзе праграмы выйграў чэшскі квартэт. Таксама на рахунку беларусаў два бронзавыя медалі.

Беларуская наезніца Вольга Сафронава збіраецца выступаць за Польшчу

Беларуская наезніца Вольга Сафронава вырашыла не вяртацца ў Беларусь. Спартоўцы аформілі польскую гуманітарную візу. Сафронава спадзяецца аднавіць кар’еру ў складзе зборнай Польшчы. Вольга Сафронава была заяўлена ад Беларусі на Алімпіяду ў Токіо, але перад самім турнірам яе нечакана выключылі са спісаў па прычыне нібыта знойдзенага ў каня Вольгі допінгу. У Польшчы Сафронава зрабіла антыдопінгавы тэст, і ён апынуўся чыстым. Вольга – дзеючая чэмпіёнка Беларусі і фіналістка Кубка свету-2019.

Макс Ферстапен выйграў Гран-пры Нідэрландаў

Нідэрландскі пілот Red Bull Макс Ферстапен перамог на Гран-пры Нідэрландаў. Гэта 13-ы этап чэмпіянату свету па аўтамабільных гонках у класе машын «Формула-1». Другім у заездзе стаў брытанец Льюіс Хэмілтан з Mercedes, а яго партнёр па камандзе фінскі пілот Валтэры Ботас фінішаваў трэцім.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя