Беларусы прайгралі зборнай Уэльса ў таварыскім матчы
Футбалісты зборнай Беларусі прайгралі камандзе Уэльса з лікам 0:1 у гасцявым таварыскім матчы.
У Кардыфе галоўны трэнер беларусаў Міхаіл Мархель праверыў у справе некалькіх дэбютантаў. Сустрэча прайшла з перавагай гаспадароў поля, а яе зыход вырашыў паўабаронца „Манчэстэр Сіці” Дэніэл Джэймс, які забіў мяч на 17-й хвіліне. Да гэтага зборныя Беларусі і Уэльса сустракаліся 4 разы ў адборавых матчах чэмпіянатаў свету і Еўропы: валійцы перамаглі тройчы, беларусы – аднойчы.
Тым часам супернікі нашай зборнай па адборавым турніры Еўра-2020 правялі чарговыя паядынкі ў рамках кваліфікацыі. Каманда Паўночнай Ірландыі, якая перамагла ў чатырох стартавых сустрэчах, прымала ў Белфасце зборную Нямеччыны і пацярпела першую паразу – 0:2. У Таліне аўтсайдэры групы С футбалісты Эстоніі прайгралі камандзе Нідэрландаў з буйным лікам 0:4.
У матчы групы G зборныя Польшчы і Аўстрыі не забілі галоў. У паралельнай сустрэчы той жа групы Славенія на апошніх хвілінах вырвала перамогу ў Ізраіля з лікам 3:2. У іншай сустрэчы Македонія ўпэўнена перайграла Латвію ў гасцях 2:0. Па выніках гэтых матчаў Польшча набрала 13 ачкоў і захавала лідарства ў групе, Славенія займае другое месца, маючы 11 ачкоў, а Аўстрыя замыкае тройку з 10-цю ачкамі. У групе Е яе лідар сборная Харватыі нечакана страціла ачкі ў гасцявым матчы з Азербайджанам 1:1, вугорцы саступілі славакам 1:2. У групе I шатландцы былі разгромлены бельгійцамі 0:4, з такім жа лікам кіпрыёты абыгралі зборную Сан-Марына. Расейцы дзякуючы голу натуралізаванага бразільца Марыё Фернандэса на 89-й хвіліне вырвалі перамогу ў Казахстана 1:0 і працягваюць гонку за лідыруючымі бельгійцамі, адстаючы на тры ачкі.
Брэсан будзе выступаць у другім бразільскім дывізіёне
Беларускі паўабаронца Рэнан Брэсан падпісаў кантракт з клубам другога бразільскага дывізіёна „Куяба”. Мінулы сезон футбаліст правёў у партугальскім „Шавешэ”. Раней выступаў у „Рыу Авэ”, БАТЭ і „Астане”.
У складзе зборнай Беларусі правёў 29 матчаў, забіў тры мячы.
На менскім стадыёне „Дынама” завяршыўся першы дзень лёгкаатлетычнага матчу Еўропа – ЗША
Пасля 18 відаў праграмы спаборніцтваў наперадзе еўрапейскія спартоўцы, якія набралі 331 ачко. У актыве амерыканцаў 304 заліковыя балы. Беларускіх заўзятараў асабліва парадаваў Максім Недасека, які выйграў спаборніцтва скакуноў у вышыню з лепшым вынікам сезона ў свеце – 2 метры 35 сантыметраў, заваяваўшы ліцэнзію на выступ на Алімпіядзе-2020 у Токіо.
Польшча згуляе з Іспаніяй на чэмпіянаце свету па баскетболе
На мужчынскім чэмпіянаце свету па баскетболе вызначыліся ўсе ўдзельнікі чвэрцьфінальнай стадыі. Дзеючыя чэмпіёны планеты баскетбалісты зборнай ЗША паспрачаюцца за выхад у паўфінал з бронзавым прызёрам мінулага сусветнага першынства камандай Францыі. Віцэ-чэмпіёны свету сербы згуляюць са зборнай Аргентыны, іспанцы будуць супернічаць з палякамі, а чэхі сустрэнуцца з аўстралійцамі. Чвэрцьфінальныя сустрэчы адбудуцца 10 і 11 верасня, паўфіналы пройдуць 13 верасня, медальныя паядынкі – 15 верасня.
На мінулым чэмпіянаце свету ў Іспаніі амерыканцы разграмілі ў фінальным паядынку сербаў – 129:92.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фото: twitter.com/Cymru