Беларусы разграмілі фінаў у рамках адбору на Еўра-2020



Гандбалісты зборнай Беларусі разграмілі фінаў у заключным матчы адборачнага турніру чэмпіянату Еўропы. Гульня ў берасцейскім палацы спорту «Вікторыя» прайшла са значнай перавагай беларусаў. Адзначым, што ўжо перад заключным турам кваліфікацыі беларусы забяспечылі сабе пуцёўку на ЧЕ-2020 найменш з 3-га радка сваёй адборачнай групы. Але не сталі здавольвацца малым і перамогай паднялі настрой заўзятарам і самім сабе перад зыходам на летнія вакацыі. Ужо пасля першага тайма гаспадары выйгравалі з розніцай на 12 мячоў, а ў выніку перамаглі з лікам 40:15. Беларусы, чэхі і баснійцы выйшлі ў фінальную стадыю кантынентальнага першынства. Туды таксама трапілі зборныя Нямеччыны, Славеніі, Харватыі, Паўночнай Македоніі, Даніі, Вугоршчыны, Латвіі, Партугаліі, Францыі, Украіны, Расеі, Польшчы, Швейцарыі, Ісландыі, Чарнагорыі, Сербіі і Нідэрландаў. Вырашальны этап мужчынскага гандбольнага Еўра-2020 з 9 да 26 студзеня прымуць арэны Аўстрыі, Нарвегіі і Швецыі, каманды якіх, як і дзеючы чэмпіён Старога Свету Іспанія, былі вызваленыя ад адборачных гульняў.

Прайгралі італьянкам, едзем да вугорак

Беларускія баскетбалісткі прайгралі другі таварыскі матч камандзе Італіі. Другую гульню ў італьянскім Броні падначаленыя Наталлі Трафімавай правялі значна слабей, чым першую, саступіўшы – 56:73. Лепшай у складзе беларусак была Анастасія Верамеенка, у актыве якой 11 ачкоў і 7 падбораў пад шчытамі. У першай сустрэчы італьянкі выйгралі з лікам 71:67. Пасля матчаў з італьянкамі беларускі адправяцца ў вугорскі Секешфехервар, дзе 21 і 22 чэрвеня згуляюць са зборнай Вугоршчыны. Гэта будуць заключныя кантрольныя сустрэчы перад стартам чэмпіянату Еўропы. Жаночы Еўрабаскет сёлета пройдзе на арэнах Латвіі і Сербіі. На першым этапе беларускі будуць гуляць у папярэдняй групе D у сербскім Зрэняніне з камандамі Сербіі (27 чэрвеня), Бельгіі (28 чэрвеня) і Расеі (30 чэрвеня).

Берасце трымае лідарства ў чэмпіянаце краіны

Футбалісты берасцейскага „Дынама” перамаглі „Гомель” у хатнім матчы 11-га тура чэмпіянату Беларусі з лікам 3: 0 і захавалі за сабой першае месца ў турнірнай табліцы. Берасцейцы адкрылі лік на 7-й хвіліне гульні пасля дакладнага ўдару Джоэля Фамее. Пасля перапынку на 62-й хвіліне другі мяч у браму гасцей забіў Павел Савіцкі, які рэалізаваў пенальці, а на 89-й хвіліне вынік сустрэчы падвёў Дзяніс Лапцеў. У цэнтральным паядынку гэтага тура футбалісты БАТЭ перамаглі на полі „Барысаў-Арэны” салігорскі „Шахцёр”. Першая палова паядынку прайшла ў роўнай барацьбе з багаццем сутыкненняў і парушэнняў правілаў. Вынікам гэтага стала выдаленне абаронцы салігарчанаў Паўла Рыбака, які пакінуў поле на 35-й хвіліне пасля другога папярэджання.

У другім тайме барысаўчане здолелі скарыстацца колькаснай перавагай – на 60-й хвіліне верхавую перадачу Ігара Стасевіча замкнуў Станіслаў Драгун. Зрэшты, не прайшло і 10 хвілін, як лік стаў роўным – сербскі абаронца „Шахцёра” Нікола Анціч выдатна выканаў штрафны ўдар. Яшчэ праз 10 хвілін гаспадары поля зноў выйшлі наперад пасля другога гола Драгуна, а на 76-й хвіліне сустрэчы Максім Скавыш ўсталяваў канчатковы лік – 3:1 на карысць БАТЭ. Менскае „Дынама” ў першым матчы пасля вяртання галоўнага трэнера Сяргея Гурэнкі разграміла землякоў з „Энергетыка-БДУ” – 6:1. Ужо на 10-й хвіліне казахстанскі легіянер „студэнтаў” Уладзіслаў Васільеў вывеў гасцей наперад. Зрэшты, то быў першы і апошні поспех падначаленых Уладзіміра Бяляўскага ў гэтай сустрэчы. Неўзабаве дынамаўцы адказалі на дзёрзкасць прыезджай каманды галявым дублем форварда Ягора Зубовіча на 25-й і 29-й хвілінах. Пад заслону першага тайма госці засталіся ўдзесяцёх. З поля за дзве жоўтыя карткі быў выдалены Павел Грэчышка, які груба сфаліў на ўсё тым жа Зубовічу на 42-й хвіліне. Цікава, што ён з’явіўся на полі ўсяго за 13 хвілін да гэтага, выйшаўшы на замену. Па ходу другога тайма Сяргей Гурэнка зрабіў некалькі замен, якія выдатна спрацавалі. Дублямі адзначыліся украінскі і харвацкі легіянеры „Дынама”, Дзмітрый Біланог і Дзінка Трэбоціч адпаведна. Вынікі астатніх матчаў 11-га тура: „Гарадзея” – „Тарпеда” – 0:0, „Дняпро” (Магілёў) – „Іслач” – 3:0, „Славія” (Мазыр) – „Слуцк” – 1:1, „Тарпеда-БелАЗ” (Жодзіна) – „Віцебск” – 1:0, „Мінск” – „Нёман” – 2:1.

Собаль і Шаракова выйгралі чэмпіянат краіны

Чэмпіянат Беларусі па веласпорце завяршыўся трыумфам самых вопытных гоншчыкаў велаклуба «Мінск» – Яўгена Собаля і Таццяны Шараковай. Яны святкавалі перамогі і ў асобным старце, і ў групавой гонцы. Галоўнай саперніцай Шараковай традыцыйна стала шматразовая чэмпіёнка краіны Алёна Амялюсік. У «раздзелцы» гоншчыца «Мінска» выйграла з перавагай у адну секунду, а ў «групе» перамагла дзякуючы атацы на апошнім крузе. Другой, дарэчы, стала яе партнёрка па клубу Ганна Церах. У мужчын таксама была напружаная барацьба ў гонцы з раздзельным стартам. Тройка Яўген Собаль – Браніслаў Самойлаў – Яўген Каралёк уклалася ў некалькі секунд. Лёс групавой гонкі быў вырашаны пасля таго, як Собаль атакаваў за 40 кіламетраў фінішу. Здабытую перавагу ён ўтрымаў да канца гонкі.

Беларускае Радыё Рацыя