Беларусы саступілі футбалістам Англіі ў кваліфікацыі юнацкага Чэмпіяната Еўропы



Футбалісты юнацкай зборнай Беларусі пацярпелі першую паразу ў адборавым турніры першынства Еўропы. У матчы другога тура кваліфікацыйнай групы беларусы саступілі ў Барысаве камандзе Англіі з лікам 0:1. Пераможны мяч на 27-й хвіліне сустрэчы забіў Джэймі Донлі. Такім чынам, ангельцы забяспечылі сабе пуцёўку ў элітны раўнд кваліфікацыі. На старце турніру беларусы разышліся мірам з аднагодкамі са Славакіі – 0:0. У заключным паядынку падначаленыя Аляксандра Юрэвіча 22 кастрычніка будуць супернічаць з армянамі, якія напярэдадні моцна прайгралі славакам – 0:5.

Футбалісты „Шэрыфа” прайгралі „Інтэру” ў Лізе чэмпіёнаў

Футбалісты ціраспальскага „Шэрыфа” пацярпелі першую паразу ў Лізе чэмпіёнаў. Пасля двух сенсацыйных перамог над данецкім „Шахцёрам” 2:0 і мадрыдскім „Рэалам” 2:1 чэмпіёны Малдовы прайгралі ў Мілане італьянскаму чэмпіёну „Інтэру” 1:3. Гаспадары выйшлі наперад на 34-й хвіліне, калі эфектны гол забіў Эдзін Джэка. Госці не здаваліся і на 53-й хвіліне сустрэчы Себасцьен Цілі выдатна выканаў штрафны ўдар – 1:1. Нічыйны лік пратрымаўся нядоўга – ужо праз пяць хвілін Артура Відаль забіў другі мяч, а неўзабаве Стэфан дэ Врей паставіў апошнюю кропку ў гэтай гульні. У Кіеве футбалісты „Рэала” мелі вялікую перавагу над „Шахцёрам” і выйгралі з буйным лікам 5:0 – Вінісіўс Жуніёр на працягу пяці хвілін аформіў галявы дубль. У групе D пасля трох тураў „Шэрыф” і „Рэал” набралі па 6 ачкоў, у „Інтэра” – 4, у „Шахцёра” – 1. У квартэце А фіналіст мінулага розыгрышу Лігі чэмпіёнаў англійскі „Манчэстэр Сіці” разграміў на выездзе бельгійскі „Бруге” 5:1. У сталіцы Францыі футбалісты „Пары Сэн-Жэрмэн” адолелі нямецкі „Лейпцыг” – 3:2. Дубль у складзе парыжан аформіў Ліянэль Месі. Англійскі „Ліверпуль” у цэнтральным матчы дня на працягу 13 хвілін забіў мадрыдскаму „Атлетыку”. Аднак затым чэмпіёны Іспаніі здолелі сабрацца і да перапынку зраўнялі лік пасля двух дакладных удараў Антуана Грызмана. У другой палове госці ўсё ж здолелі вырваць перамогу, дзякуючы пенальці, які рэалізаваў Махамед Салах – 3:2 на карысць ліверпульцаў. У другім матчы квартэта партугальскі „Порту” нанёс трэцюю паразу італьянскаму „Мілану” – 1:0. Лідар групы С нідэрландскі „Аякс” выйграў трэці матчы запар, упэўнена абыграўшы ў Амстэрдаме дортмундскую „Барусію” 4:0. Партугальскі „Спортынг” разграміў у Стамбуле турэцкі „Бешыкташ” – 4:1.

Менскае «Дынама» ўзяло ачкі ў адзінаццатым матчы запар

Хакейны клуб «Дынама-Мінск» перамог на хатняй арэне казахстанскі «Барыс» з лікам 6:5. У канцоўцы матчу за паўхвіліны супернікі закінулі тры шайбы. Гульня прайшла вечарам на «Мінск-Арэне». Да восьмай хвіліны гаспадары пляцоўкі саступалі з лікам 0:2, але да перапынку лік зраўнялі. Затым казахстанцы яшчэ двойчы вялі ў ліку: 2:3 і 3:4. Упершыню ў матчы дынамаўцы выйшлі наперад на 51-й хвіліне – 5:4. Праз 10 секунд лік ужо быў 6: 4 на карысць менчан, а яшчэ праз 20 секунд – 6:5. У складзе „зуброў” дзве шайбы закінуў Маціяс Тэдэнбю, па разу адзначыліся Арцём Дзямкоў, Ілля Усаў, Марыё Кемпа і Тайлер Граовац. З 28-ю ачкамі мінчане займаюць другое месца ў сваёй групе, саступаючы лідэру адно ачко, але маючы матч у запасе.

Ілля Івашка зняўся з турніру ў Маскве

Беларускі тэнісіст Ілля Івашка вырашыў адмовіцца ад удзелу ў турніры „ВТБ Кубак Крамля” ў Маскве. Паводле інфармацыі арганізатараў спаборніцтваў, Ілля зняўся з турніру з-за стомы. Ён павінен быў правесці паядынак 1/16 фіналу адзіночнага разраду супраць расейскага тэнісіста Яўгена Данскога. Месца беларуса заняў літоўскі тэнісіст Рычардас Беранкіс, які абыграў расейца ў дзвюх партыях – 6:1, 6:3. Яшчэ адзін беларускі тэнісіст Ягор Герасімаў у матчы 1/16 фіналу абыграў серба Міаміра Кецманавіча – 6:3, 1:6, 6:4. У 1/8 фіналу Ягор Герасімаў, які прабіўся ў асноўную сетку праз кваліфікацыю, згуляе з расейскім тэнісістам Асланам Карацавым.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя