Беларусы Сола і Лабастаў сталі пятымі ў адзіночным міксце



Беларусы Ганна Сола і Мікіта Лабастаў занялі пятае месца ў адзіночным міксце на этапе Кубка свету ў нямецкім Оберхофе.

Першае месца дасталася французам, другое – шведам, трэцяе – нарвежцам. Раней беларусы занялі чацвёртае месца ў змяшанай эстафеце, у якой перамаглі расейцы.

Вольга Гаварцова прайграла на старце кваліфікацыі Australian Open

У Дубаі стартаваў жаночы кваліфікацыйны этап да першага ў сезоне тэніснага турніру серыі „Вялікага шлема” – адкрытага чэмпіянату Аўстраліі. Беларуская тэнісістка Вольга Гаварцова, якая мае 134-ы нумар сусветнага рэйтынгу, у першым раўндзе саступіла ў трохсэтавым паядынку сербцы Аляксандры Круніч – 6:2, 2:6, 2:6. Для таго, каб трапіць у асноўную сетку Australian Open трэба пераадолець тры кваліфікацыйныя бар’еры. Без удзелу ў кваліфікацыі на кортах „Мельбурн Парку” у жаночым адзіночным разрадзе выступяць тры беларускі – дзясятая ракетка планеты Арына Сабаленка, двухразовая пераможца аўстралійскага першынства Вікторыя Азаранка і Аляксандра Сасновіч. У мужчынскім турніры Беларусь прадставіць Ягор Герасімаў. Агульны прызавы фонд Australian Open – 2021, які пройдзе з 8 па 21 лютага, складзе  54,5 мільёны даляраў.

Алег Дулуб узначаліць „Крумкачы”

Экс-настаўнік БАТЭ Алег Дулуб стане новым галоўным трэнерам „Крумкачоў”, якія выступаюць у другім дывізіёне.  Пра гэта паведамляе журналіст Мікалай Іваноў у сваім телеграм-канале. Сяргей Кузьмініч са сваім штабам памочнікаў пакінуў клуб у снежні. У 2020-м „Крумкачы” змагаліся са „Слуцкам” за права ўдзельнічаць у вышэйшай лізе-2021, але саступілі па суме двух матчаў. У мінулым сезоне Дулуб дапамагаў Кузьмінічу ў якасці кансультанта. Акрамя таго, 55-гадовы спецыяліст ужо працаваў з „крумкачамі” у 2015-16 гадах у якасці галоўнага трэнера.

Сяргей Кавальчук працягне трэніраваць брэсцкае „Дынама”

Галоўны трэнер берасцейскага „Дынама” Сяргей Кавальчук працягне кіраваць камандай у новым сезоне. Раней старшыня клуба Аляксандр Каляда сказаў, што з папярэдняга складу каманды не застанецца нікога. Многія футбалісты ўжо пакінулі клуб. У чэмпіянаце-2020 „Дынама” пад кіраўніцтвам Кавальчука заняло 4-е месца, у 2019 годзе выйграла залатыя медалі.

„Тотэнхэм” выйшаў у 1/16 фіналу, забіўшы апаненту пяць мячоў

„Тотэнхэм” разграміў клуб „Марын” ў матчы 1/32 фіналу Кубка Англіі – 5:0 – хет-трыкам адзначыўся Вінісіўс.  „Манчэстар Сіці”  дзякуючы дублю Бернарду Сілвы разабраўся з „Бірмінгемам” 3:0, а „Чэлсі” не пакінуў шанцаў „Моркаму” 4:0.

Юрый Шаўцоў аб’явіў склад зборнай Беларусі на чэмпіянат свету

Галоўны трэнер мужчынскай зборнай Беларусі Юрый Шаўцоў назваў склад каманды, які адпраўляецца на чэмпіянат свету ў Егіпет. Сярод 20 гандбалістаў 4 гульцы „Мяшкоў Брэст” – Іван Мацкевіч, Мікіта Вайлупаў, Андрэй Юрынок і Арцём Сельвесюк.  Супернікі нацыянальнай каманды па групе „H” – зборныя Славеніі, Паўднёвай Карэі і Расіі, якая будзе выступаць як „каманда ФГР”.

Экіпаж беларуса Аляксея Вішнеўскага заняў 4-е месца на 7 этапе „Дакара-2021”

Экіпаж беларуса Аляксея Вішнеўскага з каманды „МАЗ-СПОРТаўта” заняў 4-е месца на 7-м этапе „Дакара-2021”. Беларусы пераадолелі 737 км за 4 гадзіны 56 хвілін 21 секунду. Гэта на 10 хвілін 28 секунд больш, чым у пераможцы этапу расіяніна Дзмітрыя Сотнікава з каманды „КАМАЗ-Майстар”.  У агульным заліку працягвае лідзіраваць Дзмітрый Сотнікаў з „КАМАЗ-Майстар”.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: pressball.by