Клуб „Сокал” стаў прызёрам паланійнай спартакіяды ў Польшчы
У Гародні падчас святкавання дня польскага войска кіраўніцтва незарэгістраванага Саюзу палякаў у Беларусі ўганаравала дыпломамі спартоўцаў клуба «Сокал», якія сталі срэбнымі прызёрамі сёлетняй паланійнай спартакіяды. Яна прайшла ў Польшчы. Клуб «Сокал» дзейнічае пры Саюзе палякаў у Беларусі і мае пераважна дружынавыя віды спорту, куды ўваходзяць людзі розных узростаў.
Кажа віцэ-старшыня Саюзу палякаў Марэк Занеўскі:
– У гэтым годзе на пачатку жніўня дружына Саюзу палякаў брала ўдзел у паланійных гульнях, якія адбываліся ў Гдыні. Наша дружына налічвала 80 чалавек, з такіх месцаў Беларусі як Гародня, Менск, Ваўкавыск, Ліда, Берасце. Можна назваць наш выступ паспяховым. Дружына заняла другое месца ў генеральнай класіфікацыі. У медальнай класіфікацыі залічаны 24 краіны, якія атрымлівалі медалі. Мажліва краін было прадстаўлена больш, але яны нічога не выйгралі.
У Гародні пры Саюзе палякаў дзейнічаюць секцыі такіх відаў спорту як валейбол, баскетбол, футбол, скандынаўская хада.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя