Беларусы трэція ў кваліфікацыі Лігі нацый
Мужчынская зборная Беларусі перамагла Турцыю – 3:1 і заняла трэцяе месца ў кваліфікацыі валейбольнай Лігі нацый.
Да старту матча ў Любляне эксперты аддавалі перавагу сапернікам каманды Віктара Бекшы. Турэцкія валейбалісты на кваліфікацыйны турнір прывезлі ў сталіцу Славеніі больш роўны склад, яны выйгралі ў беларусаў і ў фінале залатой Еўралігі ў Таліне ў чэрвені. Мінулы матч стаў адным з лепшых у сезоне ў зборнай у Андрэя Радзюка, які набраў 17 ачкоў і ўпэўнена дзейнічаў у чацвёртай зоне. Эфектыўна правёў увесь турнір у Любляне і апошнюю сустрэчу з туркамі Канстанцін Цюшкевіч. Мужчынская зборная Беларусі фінішавала ў кваліфікацыі Лігі нацый трэцяй, абыграўшы Егіпет 3:2, саступіўшы Кубе і Славеніі 1:3. Мінулыя спаборніцтвы сталі добрай падрыхтоўкай да старту ў фінальнай стадыі чэмпіянату Еўропы, які пройдзе з 12 па 29 верасня.
Другое золата Шкурдай у Казані
Анастасія Шкурдай заваявала другі залаты медаль на юніёрскім чэмпіянаце Еўропы па плаванні ў Казані. У заключны дзень турніру беларуска ўпэўнена правяла вырашальны заплыў на 50 м батэрфляем – 26,23 секунды. Срэбраным прызёрам стала Наэль Партэкоп з Францыі, якая ў паўфінале ўсталявала рэкорд чэмпіянату 26,21 секунды, а ў фінале саступіла Анастасіі Шкурдай – 26,29 секунды. Раней Анастасія Шкурдай перамагла ў Казані на дыстанцыі 100 м батэрфляем, і заняла трэцяе месца на 200 м на спіне.
«Дынама» Берасце працягвае лідыраваць
7 ліпеня завяршыўся 14-ы тур чэмпіянату Беларусі па футболе. Ён падарыў матч паміж менскім «Дынама» і БАТЭ. Першае «класіка» сезону на стадыёне «Трактар» завяршылася няпростай перамогай 15-разовых чэмпіёнаў краіны з лікам 2:1. БАТЭ на час узначаліў чэмпіянат. Але ўжо ў суботу берасцейскае «Дынама» зняло барысаўчан з вяршыні, абыграўшы з мінімальным лікам «Віцебск» 1:0. «Шахцёр» у Салігорску святкаваў валявую перамогу 3:2 над «Менскам», які 25 хвілін гуляў удзесяцёх, а ў канцоўцы матчу застаўся яшчэ і без брамніка. Гарадзенскі «Нёман» у гасцях абыграў РЦАР-БДУ з лікам 4:2 – дублем у складзе гарадзенскага клуба адзначыўся Глеб Рассадкін.
Бразільцы праз 12 гадоў зноў выйгралі Кубак Амерыкі
Зборная Бразіліі выйграла ў каманды Перу ў фінале Кубка Амерыкі. Падначаленыя Цітэ абыгралі саперніка з лікам 3:1. Бразілія адкрыла лік у сустрэчы на 15-й хвіліне пасля дакладнага ўдару Эвертана. Перад перапынкам гледачы ўбачылі яшчэ два мячы. Хасэ Паола Герэра з пенальці забіў мяч у адказ, а ў бразільцаў вызначыўся Габрыэль Жэзус.
Выніковы лік пад заслону матча з пенальці ўсталяваў Рышарлісан.
Зборная Бразіліі з сярэдзіны другога тайма гуляла ў меншасці пасля выдалення аўтара пераможнага мяча Жэзуса. Зборная Бразіліі ў дзявяты раз стала пераможцам Кубка Амерыкі, папярэдні іх трыумф на турніры адбыўся ў 2007 годзе.
Іспанкі абаранілі тытул чэмпіёнак Еўропы
Баскетбалісткі зборнай Іспаніі другі раз запар сталі чэмпіёнкамі Еўропы, які завяршыўся ў Бялградзе. Як і два гады таму ў Празе, іспанкі сустракаліся ў фінальным паядынку з камандай Францыі і дамагліся перамогі з лікам 86:66. Гэта чацвёрты ў гісторыі чэмпіёнскі тытул жаночай зборнай Іспаніі. Уладальніцамі бронзавых медалёў сталі баскетбалісткі Сербіі, якія разграмілі ў матчы за 3-е месца каманду Вялікабрытаніі – 81:55. Зборная Беларусі другі раз запар выступіла на ЧЕ няўдала. Як і ў Чэхіі-2017 падначаленыя Наталлі Трафімавай не змаглі выйсці ў плэй-оф, заняўшы апошняе месца ў папярэдняй групе.
Беларускае Радыё Рацыя