Беларусы ўпершыню ў гісторыі перамаглі на этапе „Шаўковага шляху”
Беларусы ўпершыню ў гісторыі перамаглі на этапе ралі-рэйду „Шаўковы шлях”. МАЗ Сяргея Вязовіча стаў пераможцам трэцяга этапу, пакінуўшы ззаду ўсе знакамітыя экіпажы. Гэты вынік стаў лепшым у гісторыі каманды, паведамілі ў камандзе „МАЗ-СПОРТаўта”.
Спецучастак працягласцю 329 км уключаў хуткасныя трасы, на якіх беларускі пілот звычайна не ведае сабе роўных. Гэтым разам, стартаваўшы сёмым, Вязовіч хутка захапіў лідарства і ў выніку пераадолеў адрэзак з лепшым часам — 3 гадзіны 33 хвіліны. Найбліжэйшы пераследнік — чэх Марцін Каломы на Tatra — адстаў амаль на хвіліну, а Тон ван Генугтен з каманды Petronas Team De Rooy, які замкнуў першую тройку, прайграў каля 4 хвілін. У агульным заліку Сяргей Вязовіч перамясціўся на 9-е месца і прайграе лідару гонкі Марціну Каломы — 49 хвілін.
„Мы задаволеныя этапам — усё склалася для нас як ніколі ўдала. Траса была хуткая, але з рэзкімі паваротамі, давялося выкласціся па максімуме. МАЗ не падвёў, усе сістэмы працавалі спраўна”, — адзначыў Вязовіч.
Паспяховым аказаўся заезд і для Аляксея Вішнеўскага, які фінішаваў сёмым. На трасе ён правёў амаль на 13 хвілін больш за лідара беларускай каманды — без малога 3 гадзіны 47 хвілін. Аднак у агульным заліку МАЗ Аляксея Вішнеўскага працягвае займаць адно з апошніх месцаў з-за штрафных гадзін, атрыманых на мінулым этапе.
МАЗ Аляксандра Васілеўскага скончыў этап на 12-й пазіцыі. Яго час — 4 гадзіны 5 хвілін, адставанне ж ад пераможцы — 32 хвіліны. У генеральнай класіфікацыі беларускі экіпаж займае 11-ы радок, прайграючы чэху больш як 1 гадзіну 54 хвіліны.
Чацвёрты этап будзе ўключаць два спецучасткі даўжынёй 373 км, падзеленых зонай нейтралізацыі. На першым участку экіпажы чакае хуткасная „грунтоўка”, а на другім — казахскія стэпы, праз якія гоншчыкі павінны патрапіць у Астану.
Ралі-рэйд „Шаўковы шлях — 2017” праходзіць па тэрыторыях Расеі, Казахстана і Кітая. Завершыцца гонка 22 ліпеня ў кітайскім Сіане. Працягласць дыстанцыі складае 9.599 км, з якіх 4.094 км прыпадае на спецучасткі. Еўразійскі марафон па ўзроўні складанасці не саступае сусветна вядомаму „Дакару”.
belapan.by