Беларусы ўвайшлі ў першую дзясятку на пачатковым этапе „Дакара-2019”
Экіпаж беларуса Аляксея Вішнеўскага ўвайшоў у першую дзясятку на пачатковым этапе ралі-рэйду „Дакар-2019”.
Да фінішу дабраліся ўсе тры экіпажы каманды „МАЗ-СПОРТаўта”, паведамілі ў прэс-службе Мінскага аўтазавода. Па шляху з Лімы ў Піска гоншчыкі пераадолелі спецучастак працягласцю 84 км з 47 кантрольнымі пунктамі. Арганізатары падрыхтавалі выпрабаванні пясчанымі трасамі з вялікімі дзюнамі і камяністымі рэчышчамі.
Аляксей Вішнеўскі прыехаў дзявятым, паказаўшы найлепшы час сярод беларусаў. На спецучастку ён выдаткаваў 1 гадзіну 15 хвілін, прайграўшы лідару заезду расейцу Эдуарду Нікалаеву 6 хвілін.
„Мы праехалі этап без праблем. Дагналі некалькі экіпажаў, у тым ліку Hino, які затрымаўся ў варонцы. Для нашага экіпажа ніякіх цяжкасцяў не ўзнікла. Мы пакуль прывыкаем да рэльефу, бо ён для нас незвычайны — у пясках трэніруемся не так часта”, — адзначыў Вішнеўскі.
Лідар мазаўскай каманды Сяргей Вязовіч апынуўся 14-м. Яго час — 1 гадзіна 19 хвілін, а адставанне ад пераможцы — больш за 10 хвілін.
„Этап склаўся для нас не лепшым чынам. Прыкладна на 75-м км былі складаныя кантрольныя пункты, і мы недзе на пяць-шэсць хвілін памыліліся. Ніхто нас не абганяў, але час страцілі. Нічога не зробіш, будзем ехаць далей”, — растлумачыў Вязовіч.
„МАЗ” Аляксандра Васілеўскага фінішаваў 17-м. На праходжанне спецучастка яму спатрэбілася прыблізна 1 гадзіны 22 хвілін, амаль на 13 хвілін больш за найлепшы вынік.
Другі этап часткова пройдзе ўздоўж акіяна. Гоншчыкам трэба будзе праехаць 553 км, з іх 342 км — спецучастак.
Марафон „Дакар-2019” праходзіць па тэрыторыі Перу. Ралі-рэйд зойме 11 дзён і завершыцца 17 студзеня ў Ліме. Даўжыня трасы прыблізна 5 тыс. км.
Фота: 1prof.by