Фаварыты футбольнага чэмпіянату Беларусі зноў перамаглі



Лідары першынства, футбалісты берасцейскага «Дынама», у першым тайме сустрэчы з «Менскам» не змаглі вызначыцца, затое пасля перапынку тройчы засмуцілі брамніка Арцёма Лявонава. На 65-й хвіліне лік адкрыў Аляксей Хабленка, праз 7 хвілін Дзяніс Лапцеў падвоіў перавагу берасцейцаў, а затым Павел Савіцкі паставіў апошнюю кропку – 3:0. Барысаўскі БАТЭ прымаў на сваёй арэне «Менск» і прапусціў мяч у самым пачатку другога тайма пасля ўдару Арцёма Мітасава. На зыходзе гадзіны гульнявога часу Максім Скавыш аднавіў раўнавагу ў ліку, а на 81-й хвіліне капітан барысаўчан Ігар Стасевіч прынёс сваёй камандзе валявую перамогу – 2:1. Жодзінскае «Тарпеда-БелАЗ» на хатняй арэне адолела гарадзенскі «Нёман» з мінімальнай перавагай – 1:0 дзякуючы голу Дзмітрыя Юсава у канцы першай паловы сустрэчы. салігорскі «Шахцёр» дзякуючы голу Бакая абыграў «Іслач» 1:0, а сталічнае «Дынама» пры дапамозе дубля Даніла вырвала перамогу ў «Віцебска» 2:1.

 

БГК прайграў «Порту» на старце Лігі чэмпіёнаў

Берасцейскі гандбольны клуб імя Мяшкова няўдала стартаваў у групавым этапе Лігі чэмпіёнаў. У першай гульні папярэдняй групы В чэмпіёны Беларусі, якіх трэніруе іспанскі спецыяліст Рауль Алонса, нечакана саступілі ў гасцях партугальскаму «Порту» 25:27. Гандбалісткі «Гомеля» пераможна пачалі выступы ў кваліфікацыі розыгрышу Кубка ЕГФ. У першым кваліфікацыйным раўндзе чэмпіёнкі Беларусі двойчы ўпэўнена перайгралі на сваёй пляцоўцы гасцей з косаўскага клуба «Выток» – 45:13 і 38:22.

 

«Зубры» выйгралі хатні матч з «магніткай»

Хакеісты менскага «Дынама» перамаглі ў другім матчы хатняй серыі нанёсшы паразу магнітагорскаму «Металургу» з лікам 3:2. Лік быў адкрыты ў другім перыядзе. Брэндан Козун выкарыстаў большасць пасля выдалення Андрэя Касціцына. Годны адказ супернікам далі Аляксандр Кітараў і Шэйн Прынс, якія вывелі «Дынама» наперад. Аднак падначаленыя Пятра Вараб’ёва выкарысталі памылку гаспадароў, адыграўшыся дзякуючы яшчэ аднаму голу Козуна. У трэцім перыядзе каманды працягнулі гуляць у відовішчны хакей, а зыход матчу стаў ясны менш чым за хвіліну да канца асноўнага часу сустрэчы, калі Андрэй Касціцын прабіў брамніка Кошачкіна. Пасля сустрэчы з «Металургам» менчукі правядуць на лёдзе «Мінск-Арэны» яшчэ два паядынкі: 18 верасня – з хабараўскім «Амурам» і 21 верасня – з фінскім «Йокерытам».

 

Беларускія «пляжнікі» даведаліся супернікаў на чэмпіянаце свету

У парагвайскім Асунсьёне адбылося лёсаванне груп фінальнага этапу чэмпіянату свету па пляжным футболе. Дэбютант фінальнага турніру сусветнага першынства зборная Беларусі на першым этапе выступіць у групе С, дзе яе супернікамі будуць каманды Расеі, Сенегала і Абʼяднаных Арабскіх эміратаў. Фінальны этап 20-га па ліку чэмпіянату свету па пляжным футболе пройдзе ў Асунсьёне з 21 лістапада па 1 снежня. Два гады таму на сусветным форуме на Багамскіх выспах чэмпіёнам стала зборная Бразілія, якая разграміла ў фінале каманду Таіці з лікам 6:0.

Беларуская Радыё Рацыя