Беларусы з паразы стартавалі на ЧЕ па валейболе



Валейбалісты зборнай Беларусі прайгралі славенцам з лікам 0:3 на старце чэмпіянату Еўропы. Свой першы паядынак у папярэдняй групе С у славенскай Любляне супраць віцэ-чэмпіёнаў Еўропы-2015 года – зборнай Славеніі – беларусы пачалі выдатна, і да сярэдзіны першай партыі нічым не саступалі аднаму з фаварытаў групы.

Аднак з часам у падначаленых Віктара Бекшы пазначыліся праблемы з прыёмам. Добры быў і славенскі блок. У другім сэце трэнер беларусаў асвяжаў гульню каманды заменамі, але дарэмна. У трэцяй партыі беларусы папсавалі нямала нерваў адным з гаспадароў кантынентальнага першынства, але ў выніку, канкурэнты зноў апынуліся мацней – 25:19.

У другі гульнявы дзень чэмпіянату, сёння, беларусы згуляюць з аднымі з фаварытаў кантынентальнага першынства, зборнай Расеі. У яе складзе выступаюць два выхаванцы беларускага валейбола Аляксандр Буцько і Ягор Клюка. У першай сустрэчы падначаленыя фінскага спецыяліста Туомаса Самельвуо без праблем абыгралі каманду Турцыі з лікам 3:1.

«Зубры» прайгралі стартавы матч хатняй серыі

Хакеісты менскага „Дынама” прайгралі ў стартавым матчы хатняй серыі навасібірскай „Сібіры” з лікам 2:3. У першым перыядзе „зубры” адкрылі лік намаганнямі пачаткоўца Шэйна Прынса. Як гэта не раз бывала ў сезоне, утрымаць перавагу „зубры” не змаглі. Госці зраўнялі лік пасля выдалення Аляксандра Кітарава. Дакладным далёкім кідком вызначыўся фінскі легіянер „Сібіры” Мікаэль Руохомаа.

За дзве хвіліны да канца стартавага адрэзка гульні менчукі апынуліся ў складаным становішчы. За агрэсію ў бойцы да канца гульні з правам замены праз пяць хвілін быў адпраўлены ў распранальню Алег Явенка. „Сібір” дачакалася свайго шанцу і павяла ў ліку. Зноў быў бязлітасны Мікаэль Руохомаа. У сярэдзіне заключнай трэці паядынку госці павялічылі разрыў у ліку. Пасля выдалення Андрэя Касціцына Аляксандр Асіпкоў не змог зафіксаваць шайбу. Памылкай беларускага галкіпера скарыстаўся Ягор Мілаўзораў.  Заключныя хвіліны матча менчукі правялі ў большасці, выпусціўшы шостага палявога гульца. За 44 секунды да канца ім удалося скараціць адставанне ў ліку сіламі Марка-Андрэ Граньяні, але, на жаль, на большае ў „зуброў” не хапіла часу.

Пасля прайгранай сустрэчы з „Сібірру” менчукі правядуць на лёдзе „Мінск-Арэны” яшчэ тры паядынкі. Бліжэйшы – 15 верасня з магнітагорскім „Металургам”.

БАТЭ незадаволена рашэннем АБФФ

Прэс-служба БАТЭ выпусціла заяву, у якой клуб выказаў незадаволенасць тым, што беларуская федэрацыя футбола не стала пераносіць матч барысаўчан з „Нёманам” у рамках 23-га тура на дзень наперад. „На адрас клуба паступіў факс з федэрацыі, у якім паведамляецца, што матч 24-га тура чэмпіянату краіны-2019 паміж „Слуцкам” і БАТЭ адбудзецца ў суботу, 5 кастрычніка, а не днём пазней, як было першапачаткова запланавана ў адпаведнасці з календаром.

Прычынай пераносу названа неабходнасць у максімальна якаснай падрыхтоўцы нацыянальнай зборнай Беларусі да хатніх паядынкаў адборавай кампаніі EURO’2020 – з эстонцамі (10 кастрычніка) і нідэрландцамі (13-га). Асацыяцыя „Беларуская федэрацыя футбола” зацвердзіла дадзены перанос у аднабаковым парадку, без якіх-небудзь кансультацый з клубам. Пры гэтым федэрацыя адмовіла  БАТЭ ў пытанні пераносу паядынку супраць гарадзенскага „Нёмана”. Хоць іншыя клубы, задзейнічаныя ў той жа рэзервовы дзень, атрымалі дазвол на лішні дзень адпачынку. Галоўны трэнер нацыянальнай зборнай Міхаіл Мархель у інтэрв’ю газеце „Прессбол” выказаў меркаванне, што „Драгун і Стасевіч гуляюць без адпачынку. Аднак на справе федэрацыя не спрабуе гарманізаваць каляндар для лідараў нацыянальнай каманды. Пры гэтым паядынак супраць зборнай Эстоніі ярка прадэманстраваў, наколькі важныя футбалісты БАТЭ для выніку галоўнай каманды краіны”, – гаворыцца ў заяве.

Вызначаны склад беларускай зборнай на чэмпіянат свету па цяжкай атлетыцы

Трэнерскі штаб нацыянальнай каманды Беларусі вызначыўся са складам на чэмпіянат свету-2019, які з 18 па 27 верасня пройдзе ў тайландскім Паттайе. Настаўнікі беларусаў Віктар Шэршукоў і Валянцін Кароткін спынілі свой выбар на наступных спартоўцах: Генадзь Лапцеў (67 кг), Вадзім Ліхарад (73 кг), Пётр Асаёнак, Ігар Лазко (абодва – 81 кг), Аляксандр Берсанаў, Максім Мудрэўскі (абодва – 89 кг ), Яўген Ціханцоў (96 кг), Андрэй Арлёнак (102 кг), Андрэй Арамнаў (109 кг) і Эдуард Зязюлін (звыш 109 кг). У стартах жанчын стаўка зроблена на Юлію Асаёнак (45 кг), Дар’ю Навумаву і Дзіну Сазанавец (абедзве – 76 кг).

Асацыяцыя цяжкай атлетыкі Тайланда, чые штангісты апынуліся ў цэнтры допінгавага скандалу, узяла на сябе пісьмовыя аднабаковыя абавязацельствы аб адмове ад удзелу сваіх спартоўцаў у міжнародных стартах, але захавала за сабой права арганізаваць чэмпіянат свету 2019 года.

Тайгер Вудс збіраецца аднавіць кар’еру

Пяціразовы трыумфатар спаборніцтваў „Мастэрс” гальфіст Тайгер Вудс збіраецца аднавіць кар’еру ў кастрычніку. Знакаміты спартовец паведаміў, што цяпер праходзіць рэабілітацыю пасля аперацыі на назе, калі ўсё складзецца добра, ён збіраецца выступіць на маючым адбыцца турніры серыі PGA Tour ў Японіі.

Тайгер Вудс, які выйграў у красавіку свой 15-ы „Мэйджар” пасля 11-гадовага перапынку, на працягу кар’еры перанёс шэраг аперацый на левым калене. Апошнія некалькі гадоў спартовец часта скардзіўся на болі ў спіне, чатыры разы яму давялося звярнуцца да хірургічнага ўмяшальніцтва.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота sportnaviny.com