Беларусы замацаваліся на трэцім месцы „Дакара”



Каманда „МАЗ-СПОРТаўта” адносна добра прайшла шосты этап юбілейнага ралі-рэйда „Дакар-2018”. Экіпаж Сяргея Вязовіча абагнаў на трасе „КАМАЗ” Айрата Мардзеева і паказаў на фінішы сёмы час, захаваўшы трэцюю пазіцыю ў агульным заліку, паведамілі ў ААТ „МАЗ”.

Шосты этап уключаў два хуткасныя ўчасткі ў Перу і Балівіі. Упершыню на цяперашнім „Дакары” гоншчыкі сутыкнуліся з горнымі адрэзкамі. Першая дзясятка экіпажаў праехала маршрут у высокім тэмпе і з невялікім адставаннем адзін ад аднаго.

Абодва спецучасткі былі на вышыні 4.000 метраў над узроўнем мора. Сяргей Вязовіч правёў на трасе 3 гадзіны 28 хвілін, заняўшы сёмае месца. Пераможцам этапу стаў аргенцінец Федэрыка Вілагра, якому беларусы саступілі 6 хвілін. У абсалютным заліку МАЗаўскі экіпаж займае трэці радок і прайграе лідару гонкі расіяніну Эдуарду Нікалаеву 2 гадзіны 24 хвіліны.

Упэўнена прайшоў этап і Аляксей Вішнеўскі, які фінішаваў 12-м. Яго час — 3 гадзіны 45 хвілін, а адставанне ад пераможцы — 23 хвіліны. У агульным заліку экіпаж знаходзіцца на 18-й пазіцыі.

Аляксандр Васілеўскі завяршыў сёмы ралі-заезд на 21-м месцы, патраціўшы на маршруце больш за 5 гадзін і „аддаўшы” аргенцінцу 1 гадзіну 45 хвілін. У генеральнай класіфікацыі экіпаж займае 15-ты радок з адставаннем ў 11 гадзін 10 хвілін.

Пасля шостага этапу гоншчыкаў чакае заслужаны дзень адпачынку, які яны правядуць у Ла-Пасе. Гэты час можна будзе выкарыстаць на рамонт аўтамабіляў і падрыхтоўку да наступных заездаў. Сёмы этап прывядзе экіпажы ў балівійскі горад Уюні. Працягласць спецучастка, які пралёг у горнай мясцовасці, складзе 369 км.

Беларускія гоншчыкі ўдзельнічаюць у ралі-рэйдзе „Дакар” сёмы раз. Уладальнікам каманды выступае Менскі аўтазавод, тэхнічным партнёрам — тэлекам-аператар velcom. Асноўная мэта — увайсці ў лік наймацнейшых экіпажаў паводле вынікаў ралі ў заліку грузавікоў. Марафон сёлета праходзіць па тэрыторыі трох краін — Перу, Балівіі і Аргенціны. Працягласць толькі хуткасных участкаў складае 3,5 тыс. км, прычым большая частка маршруту прыпадае на высакагор’е.

Завершыцца гонка 20 студзеня ў аргенцінскай Кардобе.

belapan.com

Фота БелТА