Беларусы занялі 15-е месца ў суперміксце на ЧС па біятлоне



Беларускі дуэт у складзе Ганны Солы і Мікіты Лабастава заняў 15-е месца ў суперміксце на чэмпіянаце свету па біятлоне ў Антхольцы. Галоўным фактарам не самага высокага выніку стала няўдалая стральба. Ганна і Мікіта выкарысталі сумарна 13 дадатковых патронаў.

Перамогу ж святкаваў зорны нарвежскі дуэт (Ройзэланд, Йоханэс Бё), які апярэдзіў каманды Нямеччыны і Францыі. У суботу чэмпіянат свету працягнецца двума эстафетнымі гонкамі.

Беларускія баскетбалісты разграмілі кіпрыётаў у кваліфікацыі Чэмпіяната свету

Баскетбалісты зборнай Беларусі пераможна стартавалі ў кваліфікацыі чэмпіянату свету. У Нікасіі падначаленыя Расціслава Вергуна ў першым матчы папярэдняй групы А разграмілі каманду Кіпра з розніцай у 56 ачкоў – 97:41. Беларусы з першых секунд гульні трывала завалодалі ініцыятывай і без усялякіх праблем давялі справу да буйной вікторыі. Самым выніковым у складзе пераможцаў стаў Андрэй Стаброўскі, які набраў 19 ачкоў. Наступны матч зборная Беларусі правядзе 24 лютага ў менскім Палацы спорту супраць баскетбалістаў Партугаліі. Сёлета падначаленыя Расціслава Вергуна правядуць яшчэ дзве хатнія сустрэчы: 26 лістапада – з албанцамі і 30-га лістапада – з кіпрыётамі.

Баскетбалісткі „Цмокi-Мiнск” перамаглі „Гарызонт” у цэнтральным матчы чэмпіянату Беларусі

Баскетбалісткі „Цмокi-Мiнск” абыгралі „Гарызонт” у цэнтральным матчы чарговага тура жаночага чэмпіянату Беларусі. Гуляючы на пляцоўцы сваіх адвечных суперніц, чэмпіёнкі краіны прайгралі стартавую чвэрць, але затым здолелі пераламіць ход сустрэчы і выйгралі з лікам 74:70. Гэта ўжо другая вікторыя падначаленых Андрэя Ваўлева над іх галоўным канкурэнтам, а каманда Наталлі Трафімавай святкавала адну перамогу ў сустрэчах з чэмпіёнкамі. У іншым матчы баскетбалісткі гарадзенскай „Алімпіі” на выездзе разграмілі „Брэст” з лікам 97:60.

Пасля гэтых сустрэч становішча ў групе А такое: „Цмокi-Мiнск” – 39 ачкоў, „Гарызонт” – 37, „Алімпія” – 35, „Вікторыя” (Гародня) – 28, „Брэст” – 28. Усе каманды правялі па 20 матчаў.

Сабаленка прайграла Халеп ў 1/4 фіналу турніру ў Дубаі

Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка завяршыла выступы на турніры катэгорыі „Прэм’ер” у Дубаі з прызавым фондам 2 мільёны 600 тысяч. У чвэрцьфінальным матчы беларуска, якая займае 13-е месца ў сусветным рэйтынгу, саступіла другой ракетцы планеты румынцы Сімоне Халеп – 6:3, 2:6, 2:6. У паядынку за выхад у фінал Сымона Халеп сустрэнецца з амерыканкай Джэніфер Брэды.

Валейбалісткі „Мінчанкі” саступілі французскаму „Валеро”

Валейбалісткі „Мінчанкі” саступілі французскаму „Валеро” у першым матчы чвэрцьфіналу Кубка ЕКВ з лікам 1:3.  Самым выніковым гульцом „Мінчанкі” ў гэтай сустрэчы стала Кацярына Сакольчык – на яе рахунку 18 ачкоў.  Матч у адказ пройдзе ў Францыі 4 сакавіка. Беларускай камандзе, каб трапіць у паўфінал Кубка ЕКВ, неабходна перамагаць „Валеро” ў трох ці чатырох партыях, а потым спадзявацца на поспех у „залатым сэце”.

Данецкі „Шахцёр” перамог футбалістаў „Бенфікі” ў матчы Лігі Еўропы

Футбалісты данецкага „Шахцёра” адолелі лісабонскую „Бенфіку” з лікам 2:1 у першым матчы 1/16 фіналу Лігі Еўропы. Сустрэча ў Харкаве прайшла з перавагай ўкраінскага чэмпіёна, але ў першым тайме лік не быў адкрыты. Праз 10 хвілін пасля перапынку гаспадары ўсё ж дамагліся поспеху пасля дакладнага ўдару Алана Патрыка. Прапусціўшы мяч, госці пайшлі наперад вялікімі сіламі, і на 67-й хвіліне зарабілі пенальці, які рэалізаваў Піцы. Нічыйны лік пратрымаўся ўсяго 5 хвілін – у чарговай атацы данецкіх футбалістаў пераможны гол забіў Віктар Каваленка.

Сярод іншых матчаў адзначу нічыю бельгійскага  „Бруге” і ангельскага  „Манчэстар Юнайтэд”  – 1:1; перамогу міланскага „Інтэра” у гасцях з балгарскім «Лудагорцам» 2:0. Іспанскі „Хетафе” перайграў амстэрдамскі „Аякс”  – 2:0, румынскі „Клуж” згуляў унічыю з „Севільяй” — 1:1. Паядынкі ў адказ пройдуць 27 лютага. Фінальны паядынак Лігі Еўропы пройдзе 27 траўня ў Гданьску.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота sb.by