Беларусы застаюцца без алімпійскіх ліцэнзій у настольным тэнісе
У Катары завяршылася сусветная алімпійская кваліфікацыя, дзе беларусы ў ліку іншых майстроў настольнага тэніса спрачаліся за ліцэнзіі ў Токіа-2021.
Нікому з айчынных тэнісістаў не ўдалося заваяваць пуцёўкі на Алімпіяду. А спаборнікамі іх былі Надзея Багданава, Дар’я Трыгалас і Аляксандр Ханін. У розыгрышы былі чатыры квіткі на Гульні ў жанчын і пяць – у мужчын. Планавалася, што сярод удзельнікаў будзе Уладзімір Самсонаў, які заняў чацвёртае месца на мінулай Алімпіядзе, аднак выступіць яму перашкодзіла траўма пляча.
Такім чынам, за чатыры з невялікім месяцы да пачатку галоўнага старту чатырохгоддзя прадстаўнікі беларускай зборнай застаюцца без пуцёвак. Апошні шанец іх заваяваць – гэта еўрапейскі кваліфікацыйны турнір, які прыме партугальскі Гімарайнш.
„Мяшкоў Брэст” здабыў 16-ю вікторыю запар у матчах чэмпіянату
Гандбалісты клуба „Мяшкоў Брэст” святкавалі 16-ю перамогу запар у матчах чэмпіянату Беларусі. Дзеючыя чэмпіёны краіны перамаглі ў Магілёве мясцовы клуб „Машэка” з лікам 35:30. Свае наступныя паядынкі берасцейцы правядуць у Менску 20 сакавіка супраць юніёрскай зборнай Беларусі і 24 сакавіка супраць свайго галоўнага канкурэнта сталічнага СКА. Менскія армейцы згуляюць са сваёй даччынай камандай БДУФК-СКА. Становішча ў групе лідараў зараз такое: „Мяшкоў Брэст” – 32 ачкі пасля 16 матчаў, СКА – 24 , „Гомель” – 22, „Машэка” (Магілёў) – 15 ачкоў.
Валейбалісты салігорскага „Шахцёра” сталі фіналістамі чэмпіянату Беларусі
Валейбалісты салігорскага „Шахцёра”, абыграўшы абухоўскі „Легіён” у серыі да дзвюх перамог, сталі фіналістамі чэмпіянату Беларусі.
Матч у Абухаве завяршыўся з лікам 3:0 на карысць каманды Віктара Бекшы. Самым выніковым гульцом у складзе „Шахцёра” стаў Уладзіслаў Бабкевіч (14 ачкоў). У складзе «Легіёна» 10 пунктаў на рахунку Юрыя Аўдзеенкі. Першы паядынак, які праходзіў у Салігорску, дружына з горада калійшчыкаў таксама выйграла 3:0. У фінальнай серыі плэй-оф, якая працягнецца да 3-х перамог , „Шахцёр” згуляе з менскім „Будаўніком”. Першы матч паміж гэтымі камандамі запланаваны на 27 сакавіка ў Салігорску.
Хакеісты „Гомеля” абыгралі „Шахцёр” у першым матчы паўфінальнай серыі
Хакеісты „Гомеля” абыгралі „Шахцёр” у першым матчы паўфінальнай серыі плэй-оф чэмпіянату Беларусі. Гульня завяршылася з лікам 4:3. На шостай хвіліне, калі ў „гарнякоў” было на два хакеісты больш, лік адкрыў Раман Крыкуненка, якому асіставалі Сяргей Багалейша і Валерый Бачкароў. Менш чым праз хвіліну перавагу гаспадароў пляцоўкі падвоіў Аляксандр Ляўко. Пасля перапынку каманды абмяняліся ўзяццямі брамкі. Спачатку Антон Елісеенка скараціў розніцу ў ліку. Затым Аляксандр Ляўко, аформіўшы галявы дубль, зноў аднавіў розніцу ў дзве шайбы на карысць „Шахцёра”. У трэцім перыядзе гамяльчане і салігорцы абмяняліся галявымі момантамі. „Рысі” ўключылі свой фірмовы прэсінг, і гэта дало свой вынік. „Гарнякі” сталі больш выдаляцца і ў выніку атрымалі тры шайбы ў сваю брамку. Герман Несцераў і Уладзіслаў Бойка зраўнялі лік. Да фінальнай сірэны заставалася менш за пяць хвілін, і Аляксандр Скарэнаў сказаў сваё важкае слова, вывеўшы „рысяў” наперад. „Гарнякі” паспрабавалі зраўняць лік, але гамяльчане трымалі ўдар і не дазволілі канкурэнтам выратаваць матч. Лік у серыі да чатырох перамог стаў 1:0 на карысць „Гомеля”.
ЦСКА прайграў футбалістам „Зеніта” ў матчы чэмпіянату Расеі
Футбалісты маскоўскага ЦСКА пад кіраўніцтвам беларускага спецыяліста Віктара Ганчарэнкі саступілі „Зеніту” ў хатнім матчы 23-га тура чэмпіянату Расіі – 2:3. Таксама футбалісты валгаградскага „Ротара”, якіх трэніруе беларус Аляксандр Хацкевіч, на сваім полі пацярпелі разгромную паразу ад „Растова” – 0:4. У Грозным мясцовы „Ахмат” перамог тульскі „Арсенал” з лікам 2:0. Беларускія паўабаронцы тулякоў Валерый Грамыка і Юрый Кавалёў згулялі ў гэтым матчы. Сёння маскоўскі „Лакаматыў” з беларускім нападнікам Віталём Лісаковічам у складзе згуляе ў гасцях у футбалістаў „Уфы”. „Краснадар”, капітанам якога з’яўляецца беларускі абаронца Аляксандр Мартыновіч, сустрэнецца на сваёй арэне з маскоўскім „Дынама”.
«Чэлсі» перайграў «Атлетыка» і выйшаў у 1/4 фіналу Лігі чэмпіёнаў
У матчы ў адказ 1/8 фіналу Лігі чэмпіёнаў лонданскі «Чэлсі» перайграў мадрыдскі «Атлетыка». Сустрэча праходзіла на стадыёне «Стэмфард Брыдж» і завяршылася з лікам 2:0. У першым тайме паўабаронца «Чэлсі» Хакім Зіеш адкрыў лік. У дададзены час Эмерсан падвоіў перавагу «Чэлсі». Першы матч камандаў скончыўся перамогай «Чэлсі» 1:0. У другім матчы «Баварыя» абыграла рымскі «Лацыё» 2:1.
На 33-й хвіліне галоўны арбітр сустрэчы прызначыў пенальці ў браму «Лацыё», які паспяхова рэалізаваў Роберт Левандоўскі. На 73-й хвіліне форвард Эрык Шупо-Матынг умацаваў перавагу мюнхенцаў. У канцоўцы сустрэчы, на 82-й хвіліне, паўабаронца «Лацыё» Марка Парола забіў адзіны мяч сваёй каманды. Першая сустрэча ў Рыме завяршылася перамогай нямецкай каманды з лікам 4:1. Такім чынам, дзеючы ўладальнік трафея «Баварыя» выйшла ў 1/4 фіналу Лігі чэмпіёнаў.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: bttf.by