Беларусы заваявалі срэбра ў ралі „Дакар”
Экіпаж каманды „МАЗ-СПОРТаўта”, якім кіраваў Сяргей Вязовіч, заваяваў другое месца ў агульным заліку юбілейнай гонкі „Дакар-2018”, што стала для беларусаў лепшым вынікам у гісторыі выступаў у гэтым знакамітым і прэстыжным ралі-рэйдзе.
Па выніках ўсёй гонкі Сяргей Вязовіч стаў другім. Чэмпіёнам марафону стаў Эдуард Нікалаеў з каманды „КАМАЗ-майстар”, які апярэдзіў МАЗаўскі экіпаж на 3 гадзіны 57 хвілін. Замкнуў першую тройку расеец Айрат Мардзееў, які адстаў ад беларусаў амаль на паўтары гадзіны. За ім фінішавалі казахскі пілот Артур Ардавічус, чэх Марцін Мацік, японец Церухіта Сугавара і іншыя.
Адзначым, што каля паловы экіпажаў сышлі з гонкі.
Аляксандр Васілеўскі завяршыў ралі на 12-м месцы, прайграўшы пераможцу 26 гадзін. 13-м скончыў гонку Аляксей Вішнеўскі, які адстаў на 41 гадзіну. Апошнія этапы экіпажы ехалі практычна чарадой.
Беларускія гоншчыкі ўдзельнічалі ў ралі „Дакар” сёмы раз. Марафон сёлета прайшоў па тэрыторыі трох краін – Перу, Балівіі і Аргенціны.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота Aurelien Vialatte/@World/dakar.com