Беларусы змагаюцца з румынамі ў Кубку Дэвіса



3 лютага ў Менску ў Палацы тэніса пачаўся матч паміж тэнісістамі Беларусі і Румыніі ў Кубку Дэвіса. Ён адбываецца ў рамках першай групы Еўра-афрыканскай зоны.

У першай адзіночнай сустрэчы змагаліся Ілья Івашка і Адрыян Унгур. Першы сет выйграў румын 6:2, у другой партыі быў мацнейшым Івашка – 7:5, у трэцяй зноў Унгур – 7:5. Чацвёртую партыю ўзяў таксама госць – 6:4. Такім чынам наперад выйшла Румынія – 1-0.

У другім паядынку сышліся Ягор Герасімаў і Марыус Копіл. Менш рэйтынгавы беларус (341-я ракетка свету) перамог вышэйшага ў класіфікацыі (129-ы нумар) – прычым дамогся гэтага ўсяго ў трох партыях – 6:3, 6:4, 6:4. Агульны лік стаў 1:1.

У суботу пасля парнага спабору Беларусь выйшла наперад. Максіму Мірнаму і Яраславу Шылу спатрэбілася 4 партыі, каб давесці сваю перавагу над дуэтам Хорыя Тэкау– Марыус Копіл – 7:6, 6:4, 6:7, 6:4.

Такім чынам у заключны дзень – у нядзелю – беларускай камандзе дастаткова для агульнай перамогі выйграць адну адзіночную сустрэчу. На корт спярша выйдуць Ілья Івашка і Марыус Копіл. А потым будуць змагацца Ягор Герасімаў і Адрыян Унгур.

Беларускае Радыё Рацыя