„Белшына” зняла „праклён” „Нёмана”
16 гадоў бабруйская „Белшына” не выйгравала ў гарадзенскага „Нёмана”. За гэты час клубы правялі ажно 27 паядынкаў, у 14 з якіх верх бралі гарадзенцы, а яшчэ 13 завяршыліся ўнічыю. І вось 25 красавіка на стадыёне „Нёман” шыннікі знялі гэты праклён. Пры бязвольнай паставе гаспадароў поля „Белшына” перамагла 3:1. Тры галы гасцей размеркаваліся так: Яраслаў Багуноў, 11-я хвіліна, потым аўтагол Анюкевіча, 59-я і Сяргей Ражок, 64-я. І толькі пасля такога прыніжэння нёманцы здолелі забіць адзін мяч з пенальці – яго на 89-й хвіліне рэалізаваў Артур Бомбель.
Мікашэвіцкі „Граніт” ніколі не выйграваў у берасцейскага „Дынама”. Праўда на роўні вышэйшай лігі каманды правялі толькі 4 сустрэчы. Але ў гэтую суботу ў Лунінцы палешукі пакрыўдзілі „старэйшага брата” – 1:0. Адзіны мяч у сустрэчы забіў „новы беларус” Цярэнці Луцэвіч на 8-й хвіліне. Гэта першая параза дынамаўцаў Берасця ў чэмпіянаце і ў сезоне.
Цвік 3 туру павінен быў быць забіты ў Салігорску, дзе сустракаліся сярэбраны і бронзавы прызёры мінулага чэмпіянату. У выніку, нягледзячы, на досыць бадзёры футбол, „Шахцёр” і менскае „Дынама” не забілі нічога і разышліся пры стартавых лічбах на табло – 0:0.
Пакуль іншыя губляюць ачкі, флагман айчыннага сокеру – барысаўскі БАТЭ – упэўнена ідзе наперад. На гэты раз чэмпіёны на сваім полі не пакінулі шанцаў „Гомелю” – 2:0. На 57-й хвіліне Ігар Стасевіч адкрыў лік, а на 75-й Віталь Радзівонаў зняў усе пытанні. 190-ы матч у барвах „Гомеля” правёў Генадзь Блізнюк, рэкардсмен клуба ў гэтай намінацыі.
Першай вікторыі ў чэмпіянаце дасягнуў ФК „Мінск”. Сталічнікі дома перамаглі „Слуцк” – 2:0 (галы Уладзімір Хвашчынскі, 22-я, Сяргей Русак, 52-я).
Пасля няпоўных трох тураў наперадзе без стратаў БАТЭ – 9 ачкоў, у берасцейскага „Дынама” 6 ачкоў, па 5 маюць „Шахцёр” і „Граніт”.
Беларускае Радыё Рацыя