Бенедыкт Доль выйграў спрынт на этапе Кубка свету ў Ансі



Нямецкі спартовец Бенедыкт Доль выйграў спрынт на трэцім этапе Кубка свету па біятлоне, які праходзіць у французскім Ансі. Дыстанцыю ў 10 км Бенедыкт Доль пераадолеў за 23 хвіліны 22,1 секунды. Другім стаў нарвежскі атлет Тар’е Бё з адставаннем у 9,4 секунды. На трэцяй ступені п’едэстала гонару размясціўся француз Кент Фіён-Майі. Лепшы вынік сярод беларусаў паказаў Сяргей Бачарнікаў – 29-е месца. Мікіта Лабастаў стаў 46-м, Максім Верабей – 64-м. Раман Елетнаў размясціўся на 78-й пазіцыі выніковага пратаколу. Трэці этап Кубка свету па біятлоне ў Ансі працягнецца сёння, 20 снежня, жаночым спрынтам на 7,5 кіламетраў.

Вызначыліся паўфіналісты Кубка Беларусі па міні-футболе

У розыгрышы Кубка Беларусі па міні-футболе вызначыліся ўсе ўдзельнікі паўфінальнай стадыі. У адной з паўфінальных пар сустрэнуцца фіналісты мінулага кубкавага турніру – цяперашні ўладальнік трафея аршанскі „Вітэн” і мінская „Сталіца”. У чвэрцьфінале аршанцы ўзялі верх над сталічным „Дарожнікам”, а мінчане былі мацнейшыя за берасцейскі клуб „Меркурый-ДМК”. Першая паўфінальная сустрэча адбудзецца 22 снежня ў Менску, у адказ – 25 снежня ў Оршы. У вырашальным паядынку мінулага турніру „Вітэн” абыграў „Сталіцу” з лікам 5:3.

Расейскі спецыяліст Дзмітрый Аленічаў можа ўзначаліць менскае „Дынама”

Беларускі клуб разглядае кандыдатуру 47-гадовага спецыяліста, апошнім месцам працы якога быў „Енісей”, адзначае sport-express.ru. Цяперашні рулявы менчан Сяргей Гурэнка, па ўсёй бачнасці, пакіне сваю пасаду. У мінулым чэмпіянаце Беларусі каманда заняла чацвёртае месца.

Маладзёжную каманду маскоўскага „Дынама”, верагодна, узначаліць Аляксандр Кульчы

Асноўным кандыдатам на пасаду галоўнага трэнера маладзёжнай каманды маскоўскага „Дынама” з’яўляецца беларус Аляксандр Кульчы. Выхаванец гомельскай школы футбола і рэкардсмен зборнай Беларусі па колькасці матчаў (а такіх было 102) гуляў за „бела-блакітных” у 1997-1999 гадах, стаў уладальнікам бронзавага медаля. У 46-гадовага спецыяліста ёсць вопыт і трэнерскай працы ў маскоўскім клубе – ён дапамагаў Сяргею Чыкішаву ў „Дынама-2” у сезоне-2016/17 калі каманда выступала ў ПФЛ. Па ходу цяперашняга года Кульчы прыняў „Гомель”, аднак выратаваць клуб ад вылету ў першую лігу не здолеў. Трэнерская пасада ў моладзевай камандзе „Дынама” вольная пасля пераходу Кірылы Новікава ў аснову. Дубль „бела-блакітных” займае першае месца з сяміачковым адрывам ад ЦСКА.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя