Берасцейскае дэрбі адбудзецца 31 траўня



Упершыню ў гісторыі Вышэйшай лігі Чэмпіянату Беларусі па футболе адбудзецца берасцейскае дэрбі паміж клубамі «Дынама» і «Рух». Абедзве каманды знаходзяцца ў сярэдзіне турнірнай табліцы на 11-м і 8-м месцах адпаведна, пасля 10 праведзеных гульняў.

Напярэдадні сустрэчы прагнозамі на гульню падзяліўся брамнік футбольнага клуба «Рух» Раман Сцяпанаў:

– Да гульні падыходзім у баявым настроі, усе гатовыя, усе чакаюць. Гэта першая гульня на чэмпіянаце. Летась каманда сустракалася, а сёлета мае адбыцца першая даргбеска. Усе – у баявым настроі. Шанцы заўжды роўныя з любым супернікам, нават пасля трэцяга чэмпіянату. Усе адзін у аднаго ачкі забіраюць. «Дынама-Брэст» – адна з самых моцных камандаў, усе масцеравітыя футбалісты і ўсе зараджаны на атакуючы футбол. Думаю, што будзе з імі нялёгка.

Раней гэтыя каманды з Берасця ўжо сустракаліся паміж сабой у 2019 годзе. Гульня адбывалася ў межах розыгрышу Кубка Беларусі па футболе, перамогу тады атрымалі «дынамаўцы». Пачатак сёлетняй сустрэчы ў нядзелю, 31 траўня, а 20:00 на стадыёне АСК «Брэсцкі». Гаспадарамі гульнявой пляцоўкі, якую каманды дзеляць на дваіх, у гэтым матчы будзе «Рух».

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: www.sb.by