Берасцейскае „Дынама” абыграла „Мінск”



На футбольным чэмпіянаце Беларусі сярод каманд вышэйшай лігі футбалісты берасцейскага „Дынама” абыгралі „Мінск” з лікам 2:1 на поле сталічнага стадыёна „Трактар”. Усе галы ў гэтай сустрэчы забіў форвард берасцейцаў Дзяніс Лапцеў: на 6-й хвіліне ён адкрыў лік, затым адправіў мяч у сваю браму, а на 57-й хвіліне забіў пераможны гол. Для дзеючых чэмпіёнаў краіны гэта шостая вікторыя запар у сёлетнім першынстве.

Футбалісты жодзінскага „Тарпеда-БелАЗа” святкавалі валявую перамогу над „Слуцкам” з лікам 4:1. Тры галы былі забітыя ў першым тайме. На 22-й хвіліне Абдул Гафараў вывеў гасцей наперад, затым Юрый Габоўда аформіў галявы дубль, а яшчэ адзін мяч у браму „Слуцка” забіў Андрэй Хачатуран. Пасля перапынку Мікіта Мікалаевіч у чацвёрты раз трапіў у браму Іллі Бранаўца.

Дзяніс Лапцеў увайшоў у топ-25 лепшых бамбардзіраў у гісторыі чэмпіянатаў Беларусі

Аформіўшы дубль у пераможным выязным матчы з „Мінскам”, нападнк берасцейскага „Дынама” Дзяніс Лапцеў забіў 70-ы і 71-ы галы за кар’еру ў вышэйшай лізе. Тым самым футбаліст увайшоў у лік 25 лепшых бамбардзіраў чэмпіянатаў Беларусі часоў суверэнітэту. Узначальвае спіс легенда берасцейскага футбола Раман Васілюк, у якога на рахунку 218 галоў. У тройку таксама ўваходзяць Валерый Стрыпейкіс 174 і Віталь Радзівонаў 145 галоў.  Замыкае дзясятку Арцём Канцавы, які забіў 85 галоў. Гэта дзявяты сезон для Лапцева ў вышэйшай лізе. Да „Дынама” ён абараняў колеры „Славіі” і „Шахцёра”. На берасцейскім этапе кар’еры ў яго актыве 21 выніковы ўдар.

Ібрагімавіч зрабіў дубль, але „Мілан” дазволіў „Роме” тройчы адыграцца і страціў першыя ачкі

У заключным паядынку 5-га тура серыі „А” „Мілан” задаволіўся хатняй нічыёй з „Ромай” – 3:3. Гаспадары тройчы вялі па ходу сустрэчы, але не змаглі святкаваць пятую перамогу запар. „Мілан” паўтарыў клубны рэкорд, правёўшы 12-ы матч запар з найменш двума забітымі мячамі. У афіцыйных гульнях 2020 года каманда Стэфана Піолі ні разу не прайграла.  „Расанеры” засталіся на першым месцы, апярэджваючы „Напалі” і „Сасуоло” на два ачкі.

„Тотэнхэм” з цяжкасцю абыграў у гасцях „Бёрнлі” ў апошнім матчы 6-га тура англійскай прэм’ер-лігі – 1:0. Зыход сустрэчы прадвызначыў першы дакладны ўдар лонданцаў, нанесены, праўда, толькі на 76-й хвіліне. Аўтарам гола стаў Сон Хын Мін з перадачы Хары Кейна.

Арына Сабаленка паднялася на 11-е месца ў рэйтынгу WTA

Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка паднялася на 11-е месца ў сусветным рэйтынгу. На мінулым тыдні перад пачаткам турніру ў чэшскай Астраве Арына была на 12-й пазіцыі, а пасля перамогі на гэтых спаборніцтвах паднялася на адзін радок, набраўшы 4045 ачкоў. Фіналістка астраўскага турніру Вікторыя Азаранка таксама перамясцілася на адну пазіцыю ўверх і цяпер знаходзіцца на 13-м месцы, маючы 3426 балаў. Аляксандра Сасновіч займае 92-е месца, у Вольгі Гаварцовай 129-я пазіцыя. На першым месцы аўстралійка Эшлі Барці, на другім румынка Сымона Халеп, а на трэцім японка Наомі Осака. У мужчынскім рэйтынгу лепшы з беларускіх тэнісістаў Ягор Герасімаў знаходзіцца на 83-й пазіцыі, маючы 781 заліковы бал, у Іллі Івашкі, які выйграў турнір у Стамбуле, 573 ачкі і 114-е месца. Першае месца ў серба Новака Джокавіча, другое ў іспанца Рафаэля Надаля, а трэцяе ў аўстралійца Дамініка Ціма.

У Міжнароднай федэрацыі хакея заявілі, што «не паедуць у краіну, дзе пануе хаос і рэвалюцыя»

Генеральны сакратар ІІХФ Хорст Ліхтнэр пракаментаваў патрабаванне аб пераносе ЧС-2021, які павінен прайсці ў Беларусі і Латвіі.

«Ніхто не можа ад нас патрабаваць скасаваць заключаную з Беларуссю дамову. Мы не можам парушаць кантракт. Не можам сказаць: „Выбачайце, мы памыліліся, зараз мы перанясем чэмпіянат свету ў іншае месца”. Вядома, не паедзем у краіну, дзе пануе хаос і рэвалюцыя. Але перакананы, што калі краіна вернецца да нармальнага ладу жыцця, гэта будзе фантастычны чэмпіянат свету», – прыводзіць словы Ліхтнэра «Чемпионат.ком» са спасылкай на Sport.de.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя