Берасцейскае «Дынама» не змагло датэрмінова стаць чэмпіёнам
Футбалісты барысаўскага БАТЭ перамаглі ў гасцях «Віцебск» 2:1 і захавалі шанцы дагнаць берасцейскае «Дынама» ў чэмпіянаце Беларусі.
У гасцявой сустрэчы з віцябчанамі 15-разовыя чэмпіёны краіны адкрылі лік на зыходзе гадзіны гульнявога часу, калі эфектны гол забіў Максім Скавыш. Праз 5 хвілін абаронца гаспадароў Мікалай Золатаў, скарыстаўшыся памылкамі абароны БАТЭ, зраўняў лік. Барысаўчане працягвалі атакаваць, і на 79-й хвіліне гульні Станіслаў Драгун забіў пераможны гол – 2:1. Лідары першынства футбалісты берасцейскага «Дынама» згулялі ўнічыю ў гасцях у «Іслачы» – 1:1. Тым не менш, «Дынама» можа ўзяць тытул ужо ў наступным туры – у выпадку перамогі над «Віцебскам» на хатняй арэне, або калі барысаўчане страцяць ачкі ў хатняй гульні з менскім «Дынама».
Расісцкія праявы не перашкодзілі данецкаму «Шахцёру» абыграць у гасцях кіеўскае «Дынама»
Данецкі «Шахцёр» абыграў кіеўскае «Дынама» 1:0 у матчы 14-га тура чэмпіянату Украіны, але не абышлося без непрыемных момантаў, піша tribuna.com. Матч азмрочыла сітуацыя з паводзінамі заўзятараў «Дынама». Спачатку яны ухалі ў адрас Дэнціньё, форвард «Шахцёра» паскардзіўся суддзі, а дыктар на стадыёне зрабіў папярэджанне. Але гасцявы сектар працягнуў расісцкія выкрыкі ў адрас бразільцаў. На 75-й хвіліне сустрэчы паўабаронца данецкай каманды Тайсан падбег да сектара гасцей і ўдарыў па мячы ў бок заўзятараў. Пасля гэтага хаўбек паказаў фанатам сярэдні палец. Гульцы «Дынама» пабеглі супакойваць сектар, Дэнціньё і Тайсан расплакаліся. Арбітр Мікалай Балакін адвёў каманды з поля на тры хвіліны. Пасля вяртання ён даў Тайсану чырвоную картку. «Шахцёр» у меншасці давёў матч да перамогі і адарваўся на 13 ачкоў ад «Дынама». Кіеўскі клуб апусціўся на 4-е месца.
«Ліверпуль» на хатняй арэне перайграў «Манчэстар Сіці» ў матчы 12-га тура чэмпіянату Англіі – 3:1.
Каманда Юргена Клопа лідыруе ў турнірнай табліцы з 34 ачкамі, у «гараджан» 25 балаў і чацвёртая пазіцыя. Галоўны трэнер «Сіці» Хасэп Гвардзьёла двойчы апеляваў да арбітраў у эпізодах, калі, на яго думку, гульцы гаспадароў гулялі рукой ва ўласнай штрафной.
Турынскі «Ювентус» абыграў «Мілан» з лікам 1:0. Адзіны гол быў забіты на 77-й хвіліне. Аўтарам забітага мяча стаў аргентынскі нападнік турынцаў Паула Дзібала. «Ювентус», набраўшы 32 ачкі, выйшаў на першае месца ў турнірнай табліцы італьянскага нацыянальнага чэмпіянату. «Мілан» з 13 ачкамі на 14-м месцы.
Беларусы выйгралі хакейны «Турнір чатырох нацый»
Беларуская зборная, абыграўшы ў заключным матчы «Турніру чатырох нацый» каманду Латвіі з лікам 3:2 заваявала галоўны трафей спаборніцтваў. У складзе беларускай каманды хет-трык аформіў Міхаіл Стэфановіч. Капітан беларускай каманды Мікалай Стасенка перад тым, як атрымаць галоўны трафей спаборніцтваў, стаў уладальнікам спецыяльнага прыза лепшага абаронцы спаборніцтваў.
Беларускія самбісты заваявалі 11 медалёў на чэмпіянаце свету па самба, які прайшоў у карэйскім Чхонджу.
У апошні дзень спаборніцтваў беларуска Марыя Кандрацьева ў вагавай катэгорыі звыш 80 кг паднялася на другую прыступку п’едэстала гонару. Яе партнёркі па камандзе Кацярына Пракапенка ў вазе 56 кг і Вольга Малейка ў вазе 68 кг заваявалі бронзавыя ўзнагароды.
Тэнісісткі Францыі сталі ўладальніцамі Кубка Федэрацыі, адолеўшы ў фінале каманду Аўстраліі з лікам 3:2.
Вырашальным стаў парны матч, у якім Каралін Гарсія і Крысціна Младзенавіч перамаглі Саманту Стосур і Эшлі Барці – 6:4, 6:3. Для тэнісістак Францыі гэта трэці па ліку выйгрыш Кубка Федэрацыі. Раней яны перамагалі ў 1997-м і 2003 гадах.
Беларускае Радыё Рацыя