Берасцейскае „Дынама” упершыню ў гісторыі стала чэмпіёнам Беларусі
29 тур футбольнага чэмпіянату Беларусі, у якім усе матчы праходзілі паралельна ў адзін час, высветліў новага чэмпіёна краіны. Пасля шматгадовага дамінавання барысаўскага БАТЭ пальму першынства перахапіла берасцейскае „Дынама”. Каманда з берагоў Бугу ўпершыню стала футбольным чэмпіёнам краіны.
У перадапошнім туры берасцейцы перамаглі на сваім полі ФК „Віцебск” – 1:0. Адзіны мяч у сустрэчы забіў на 38-й хвіліне ўкраінскі легіянер Аляксей Хабленка. У Берасце прыйшло сапраўднае футбольнае свята для заўзятараў віду спорту нумар адзін. Да чэмпіёнства „Дынама” прывёў чэскі трэнер Марцэл Лічка.
Адначасна БАТЭ на родным стадыёне разграміў менскае „Дынама” – 3:0. Голавы дубль аформіў Станіслаў Драгун, яшчэ адзін мяч на рахунку Захара Волкава. Гэтая вікторыя забяспечыла БАТЭ сярэбраныя ўзнагароды, паколькі трэціі прэтэндэнт на медалі салігорскі „Шахцёр” саступіў на выездзе ФК „Мінск” – 0:1.
Тройка лідараў чэмпіянату Беларусі: 1. „Дынама” (Берасце) – 72 ачкі, 2. БАТЭ – 67, 3. „Шахцёр” – 62.
ФК „Гомель”, нягледзячы на перамогу ў гасцях над „Гарадзеяй” 3:2, пакідае вышэйшую лігу. Хто будзе ўдзльнічаць у пераходных матчах, вызначыць толькі апошні тур.
Беларускае Радыё Рацыя
фота tut.by