Берасцейскае „Дынама” выйшла ў лідары чэмпіянату
У першым нядзельным матчы 3 тура футбольнага першынства Беларусі берасцейскае „Дынама” на выездзе перамагло чэмпіёна краіны БАТЭ – 1:0. Адзіны гол у сустрэчы на рахунку Паўла Няхайчыка – ён вызначыўся на 48-й хвіліне. Напомнім, што раней працяглы час Няхайчык выступаў за БАТЭ.
Берасцейцы былі ў другім тайме блізкімі да таго, каб павялічыць сваю перавагу. Аднойчы пасля парашуціка ад Фамее БАТЭ ад вернага голу ўратаваў Захар Волкаў. У самай канцоўцы Няхайчык мог выйсці сам насам з галкіперам, але яго „скасіў” Аляксей Рыас. Апошні справядліва атрымаў чырвоную картку.
Такім чынам берасцейскае „Дынама” набрала 9 ачкоў з 9 магчымых і пакуль выйшла на першае месца. Дагнаць „бела-блакітных” у панядзелак можа салігорскі „Шахцёр”, у якога матч у запасе.
Іншыя вынікі сустрэч 3 туру:
„Тарпеда”-БелАЗ (Жодзіна) – ФК „Мінск” – 1:1.
ФК „Гомель” – „Энергетык”-БДУ – 3:0. Свой 5-ы мяч у гэтай сустрэчы забіў Віталь Квашук, які выйшаў у лепшыя бамбардзіры чэмпіянату.
„Іслач” – „Нёман” – 1:0.
ФК „Віцебск” – „Тарпеда” (Менск) – 1:1.
„Дынама” (Менск) – „Гарадзея” – 1:0.
Беларускае Радыё Рацыя