Берасцейскае „Дынама” выйшла ў паўфінал Кубка Беларусі па футболе
Футбалісты берасцейскага „Дынама” сталі апошнімі ўдзельнікамі паўфінальнай стадыі розыгрышу Кубка Беларусі.
У матчы ў адказ чвэрцьфінальнага паядынку на полі футбольнага клуба „Мінск” берасцейцы адолелі ў серыі пасляматчавых пенальці „Іслач” з Менскага раёна. Асноўны і дадатковы час завяршыўся ўнічыю – 0:0, а ў серыі пенальці поспех быў на баку гасцей – 5:3. У першай гульні ў Берасці супернікі таксама разышліся мірам — 0:0. Раней у паўфінал выйшлі ўладальнікі Кубка краіны футбалісты салігорскага „Шахцёра”, а таксама барысаўскі БАТЭ і мазырская „Славія”. Першыя паўфінальныя сустрэчы павінны адбыцца 8 і 9 красавіка.
Хакеісты „Юнацтва” саступілі „Дынама-Маладзечна” у чарговым матчы паўфінальнай серыі
Хакеісты „Юнацтва” саступілі „Дынама-Маладзечна” у трэцім матчы паўфінальнай серыі плэй-оф чэмпіянату Беларусі з лікам 2:4. Лік у паўфінальнай серыі стаў 2:1 на карысць „Юнацтва”. Наступны паядынак каманды правядуць 17 сакавіка. А сёння ў трэцім матчы паўфінальнай серыі, які прыме Салігорск, сыдуцца мясцовы „Шахцёр” і гарадзенскі „Нёман”. У гэтым проціборстве ўсталявалася раўнавага – 1:1.
Старадуб і Чарнамаз выбылі з барацьбы на турніры алімпійскай кваліфікацыі ў Лондане
Беларускія баксёры Ала Старадуб у вагавай катэгорыі 60 кг і Антон Чарнамаз у вазе 57 кг выбылі з барацьбы за медалі на турніры алімпійскай кваліфікацыі, які праходзіць у Лондане. Ала Старадуб саступіла ў першым паядынку спартоўцы з Вялікабрытаніі Каралін Дзюбуа. Антон Чарнамаз не змог падабраць ключы да абароны немца Гамзата Шадалава. Атлеты выбылі з медальных гонак.
„Будаўнік” абыграў „Шахцёр” у матчы чвэрцьфінальнай стадыі чэмпіянату Беларусі па валейболе
Валейбалісты „Будаўніка” абыгралі „Шахцёр” у матчы чвэрцьфінальнай стадыі чэмпіянату Беларусі з лікам 3:0. Самым выніковым гульцом матчу стаў Уладзіслаў Давыскіба з Менска, які набраў 18 ачкоў. У яго аднаклубніка, бразільца Вінісіуса, на рахунку 11 пунктаў. У яшчэ адным паядынку групы А гомельская „Энергія” дома нанесла паразу „Легіёну” з Абухава — 3:0. Галоўнай рухаючай сілай нападаў гамяльчан стаў Арцём Масько, які зарабіў 13 ачкоў. У яго візаві з Гарадзенскага раёна Андрэя Геда на рахунку было 9 пунктаў.
Кайса Макарайнен завяршыла кар’еру
Трохразовая пераможца Кубка свету па біятлоне Кайса Макарайнен завяршыла спартовую кар’еру. Запіс пра гэта фінская зорная спартоўка зрабіла ў сваім афіцыйным акаўнце ў Instagram. „Упершыню прыйшла на біятлонную трэніроўку на гэтым стадыёне ў 2003 годзе. І міжнародная кар’ера завершыцца тут жа. Зусім не так, як хацела або планавала, пры пустых трыбунах, але мы не ў сілах нічога зрабіць. Разважліва прыняла гэтае рашэнне, хоць яно атрымалася эмацыйным, і гэты сезон атрымаўся складаным. Калі свет вернецца ў нармальны стан, спадзяюся, у мяне будзе магчымасць сустрэцца яшчэ раз з маімі заўзятарамі”, – напісала 37-гадовая біятланістка ў Instagram.
Кайса Макарайнен тройчы выйгравала Кубак свету. Яна таксама адзін раз станавілася чэмпіёнкай планеты – на Чэмпіянаце свету-2011 у Ханты-Мансійску ў гонцы пераследу.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: ФК «Дзінама» (Берасце)