Футбалісты „Смалявічаў” напісалі заявы на звальненне



Двума матчамі стартаваў другі круг чэмпіянату Беларусі па футболе ў Вышэйшай лізе. У першым матчы тура мазырская «Славія» ўпэўнена перамагла «Слуцк». Ужо да 11-й хвіліны «Славія» вяла з лікам 2:0 дзякуючы дублю Слюсара. Неўзабаве Анюкевіч адыграў адзін мяч, але зраўняць лік «Слуцк» не змог. А на 74-й хвіліне Шаўчэнка ўсталяваў канчатковы лік матчу. Таксама супернічалі «Смалявічы» і берасцейскае «Дынама». Па інфармацыі «Прессбола» і «Трыбуны», шэраг футбалістаў асноўнага складу берасцейцаў засталіся дома з-за падазрэння на каронавірус. Пры гэтым клубу адмовілі ў пераносе гульні. Сапраўды, госці гулялі без Сяргея Ігнатовіча, Аляксандра Наёка, Дзяніса Лапцева, Усевалада Садоўскага, Яўгена Хачэрыдзі і Рамана Юзэпчука. Па словах генеральнага дырэктара клуба Сяргея Вараб’ёва, у камандзе ёсць хворыя, ім зробленыя тэсты на каронавірус, але яны пакуль не гатовыя. Зрэшты, нават без тых, хто захварэў, берасцейцы змаглі выставіць ўражлівы стартавы склад і пасля першага тайма вялі з розніцай у два мячы. Спачатку мяч у сваю браму адправіў Жаўнераў, а затым вызначыўся Паўлавец. Але ў другім тайме берасцейцы нечакана разваліліся. Вакуліч і Мумахедаў хутка зраўнялі лік, а на 79-й хвіліне Бутарэвіч вывеў гаспадароў наперад. Праўда, захаваць перамогу «Смалявічы» не змаглі: у канцоўцы Міхаіл Гардзяйчук рэалізаваў пенальці – 3:3. Пасля гульні галоўны трэнер „Смалявічаў” Аляксандр Бразевіч заявіў, што з-за фінансавых праблем каманда ў цяперашнім складзе можа спыніць існаванне. Гульцы ўжо напісалі заявы на звальненне. Сёння будуць згуляныя яшчэ тры матчы чэмпіяната. Барысаўскі  БАТЭ прыме сталічны «Энергетык-БДУ», «Гарадзея» сустрэнецца з «Віцебскам», а гарадзенскі «Нёман» на хатняй арэне пазмагаецца з «Іслаччу».

Сяргей Давідовіч пакінуў „Барысаў-900”

У сувязі са сканчэннем кантрактнай дамовы МФК „Барысаў-900” пакідае брамнік Сяргей Давідовіч. Пра гэта паведамляе прэс-служба.

Галкіпер абараняў колеры барысаўскай міні-футбольнай каманды 7 сезонаў, адыграў у яе шэрагах 110 афіцыйных матчаў (з іх 100 – у вышэйшай лізе, 10 – у Кубку Беларусі), запісаўшы на свой рахунак у чэмпіянатах 6 ачкоў (3+3) па сістэме „гол+пас”. У складзе моладзевай каманды „Барысаў-900” Сяргей стаў чэмпіёнам  і срэбраным прызёрам першынстваў Беларусі.

Армянскі Д2 завершаны датэрмінова з-за масавых „дамаўнякоў”, 58 чалавек дыскваліфікаваныя, сярод іх беларус

На пазачарговым пасяджэнні выканкама Федэрацыі футбола Арменіі было прынята рашэнне датэрмінова завяршыць сезон у другім дывізіёне. Прычынай стала масавая арганізацыя дамоўных матчаў у лізе.

У „дамаўняках” апынуліся замяшаныя пяць клубаў: „Арагац”, „Тарпеда”, „Масіс”, „Лакаматыў” і „Ерэван”. Усе клубы, а таксама 58 задзейнічаных персон, будуць дыскваліфікаваныя на розныя тэрміны. Прычым 45 удзельнікаў дамоўных матчаў – пажыццёва. У ліку ўдзельнікаў ёсць і беларускі галкіпер Віталь Рыдлевіч, які выступаў за „Арагац”. Рашэнне аб пераможцы гэтага сезону і фармаце наступнага федэрацыя прыме пазней.

„Барселона” хоча аддаць Грызмана „Ювентусу”

Нападнік „Барселоны” Антуан Грызман можа пакінуць каманду. Кіраўніцтва клуба шукае спосабы пазбавіцца ад футбаліста. Каталонцы прапануюць 29-гадовага француза „Ювентусу”. „Барселоне” ж цікавыя паўабаронцы Дуглас Коста і Адрыен Рабьё. „Барса” прапаноўвала ўключыць Грызмана ў здзелку па пераходзе форварда „ПСЖ” Неймара, а таксама нападніка „Інтэра” Лаутары Марцінэса. Апошні поўны матч за „Барселону” Грызман правёў 16 чэрвеня, калі каталонскі клуб абыграў „Леганэс” 2:0.

Брамнік зборнай Чэхіі падпісаў кантракт з менскім «Дынама»

Менскае «Дынама» абвясціла аб падпісанні аднагадовага кантракта з чэшскім галкіперам Дамінікам Фурхам. 30-гадовы галкіпер – выхаванец пражскай «Славіі», колеры якой абараняў на працягу васьмі гадоў. У сезоне 2015/16 Фурх падпісаў кантракт з омскім «Авангардам», за які ў выніку правёў тры паспяховыя сезоны. Працэнт адбітых кідкоў  не апускаўся ніжэй за 92,6%, а ў плэй-оф дасягаў і зусім 94%.

Згуляўшы 179 матчаў за «Авангард», Фурх перайшоў у чарапавецкую «Северсталь», за якую правёў яшчэ 55 матчаў у КХЛ. У мінулым сезоне брамнік выступаў у чэмпіянаце Швецыі за добра знаёмы беларускім заўзятарам «Эрэбру» – 46 матчаў і 91,8% адбітых кідкоў.

 У складзе зборнай Чэхіі Дамінік двойчы ездзіў на чэмпіянат свету, а таксама на Алімпіяду. На ЧС-2016 галкіпер правёў 4 матчы. Характэрна, што ў «Эрэбру» на месца Фурха прыйшоў былы брамнік менскага «Дынама» Юнас Энрат. Фурх стаў ужо пятым брамнікам „зуброў”. Раней каманда падпісала кантракты з Дэні Тэйларам, Аляксандрам Асіпковым, Аляксеем Коласавым і Мікітам Талапілам.

Новак Джокавіч запатрабуе пакрыць выдаткі гульцоў, калі аднаўленне сезона адменяць

Тэнісісты з топ-100 рэйтынгу АТП абмяркоўваюць варыянты аднаўлення сезона-2020. Кіраўнік рады гульцоў Новак Джокавіч занепакоены сітуацыяй з каронавірусам ў ЗША, з-за чаго павышаецца верагоднасць таго, што пасля US Open гульцоў пасадзяць на каранцін у Мадрыдзе. Таксама Джокавіч паабяцаў гульцам, што будзе дамагацца кампенсацыі выдаткаў на паездку ў ЗША, калі турніры адменяць ў самы апошні момант, паведамляе Marca.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя