Берасцейскае „Дынама” заваявала футбольны Кубак Беларусі



На стадыёне «Спартак» у Магілёве барысаўскі БАТЭ і берасцейскае «Дынама» разыгралі чарговы Кубак Беларусі. Летась у фінальным паядынку, які прайшоў у Гародні, берасцейцы ў драматычнай серыі пасляматчавых пенальці заваявалі Кубак і права згуляць у Лізе Еўропы. Тады яны адолелі салігорскі «Шахцёр» у вельмі працяглай серыі пенальці.

БАТЭ мог зараз заваяваць чацвёрты Кубак Беларусі ў гісторыі. Мінулы раз трафей барысаўцы здабывалі ў 2015 годзе. Дарэчы, у 2017 годзе менавіта дынамаўцы Берасця выбілі «жоўта-сініх» на стадыі паўфіналу. А сёлета берасцейцы спярша выйгралі ў БАТЭ Cуперкубак, а потым у першынстве краіны „вечныя” чэмпіёны ўзялі рэванш. Так што рахункі былі надзвычай прынцыповымі.

Фінал сёлетняга Кубку краіны выдаўся адным з сама яркіх у гісторыі. Каманды парадавалі гледачоў змястоўным, выніковым і самаадданым футболам.

На 13-й хвіліне легіянер БАТЭ Мірка Іваніч скарыстаўся правалам берасцейскай „крэпасці” выскачыў на браму зправа і адкрыў лік. Заходнікі на 34-й хвіліне сказалі сваё важкае слова – ідэальную троххадоўку ўпэўнена завяршыў Арцём Мілеўскі – 1:1.

Неўзабаве пасля перапынку Мірка Іваніч вынікова атакаваў ужо з левага фланга, у ролі асістэнта пры тым выступіў Ігар Стасевіч. Але берасцейцы не апусцілі рукі. Вельмі ўдалым стаў выхад на поле Джоэла Фамяе. Ён двойчы прарываўся да брамы Шчарбіцкага і з другой спробы на 74-й хвіліне, атрымаўшы перадачу ад Паўла Савіцкага, прымусіў галкіпера БАТЭ да капітуляцыі – 2:2.

У канцоўцы БАТЭ прыкметна здаў фізічна. Апаненты чэмпіёна краіны былі больш жвавымі і пад занавес асноўнага часу сустрэчы дамагліся пераможнага голу – Павел Савіцкі выкаціў мяч пад удар экс-батэшніку Паўлу Няхайчыку і той не схібіў. Ішла 89-я хвіліна матча – 3:2 на карысць „Дынама”. У завяршальны адрэзак нічога вострага ля брамы суперніка БАТЭ стварыць не здолеў. Дынамаўцы ж паспелі выпусціць на поле на замену свайго легендарнага форварда Рамана Васілюка – і гэта быў надзвычай прыгожы жэст.

Такім чынам трэці раз у гісторыі і другі год запар (такое здарылася ў час суверэнітэту ўпершыню) берасцейскае „Дынама” заваявала Кубак краіны. Да чарговага трафея каманду прывёў „вечна часовы” трэнер Сяргей Кавальчук. Цяпер кіраўніцтва клуба моцна падумае, ці варта яго мяняць на іншага настаўніка.

Беларускае Радыё Рацыя

фота TUT.BY