Берасцейскае „Дынама” здабыла другую перамогу ў матчах чэмпіянату Беларусі



Берасцейскае „Дынама” святкавала другую перамогу ў матчах 33-га чэмпіянату Беларусі. У хатнім паядынку 11-га тура з „Мінскам” берасцейцы выйгралі з мінімальнай перавагай – 1:0. Адзіны гол у гэтай сустрэчы быў забіты ў сярэдзіне першага тайма, калі пасля адной з атак абаронца гасцей Аляксей Туманаў зрэзаў мяч у сваю браму.
У стартавым матчы гэтага тура футбалісты мазырскай „Славіі” адолелі на сваім полі наваполацкі „Нафтан” з тым жа лікам – 1:0.
Сёння пройдуць яшчэ тры матчы. Футбалісты „Смаргоні” сустрэнуцца са сталічным „Энергетыкам-БДУ”, у Жодзіне мясцовае „Тарпеда-БелАЗ” згуляе з салігорскім „Шахцёрам”, а футбалісты „Гомеля” прымуць бабруйскую „Белшыну”.

ВРЗ зраўняў лік у залатой серыі чэмпіянату Беларусі па міні-футболе

У Менску пасля хатняй паразы ад дзейных чэмпіёнаў краіны спартоўцаў „Сталіцы” 3:4 гамяльчане змаглі ўзяць рэванш. У асноўны і дадатковы час супернікі не выявілі пераможцу – 2:2, а ў зацяжной серыі пасляматчавых пенальці поспех быў на баку гасцей – 8:7. Наступны паядынак адбудзецца 6 чэрвеня ў Гомелі, а потым фіналісты зноў сустрэнуцца на паркеце менскага спарткомплексу „Уручча”. Серыя за чэмпіёнскі тытул працягнецца да трох вікторый адной з каманд.

„Хёршы” завяршыў серыю з „Рочастэрам” і выйшаў у фінал Кубка Колдэра

Адбыўся шосты матч серыі фіналу ўсходняй канферэнцыі ў АХЛ, дзе „Хёршы” нанёс мінімальную паразу „Рочастэру” 1:0. Дзякуючы гэтай перамозе клуб, дзе выступае беларус Аляксей Протас, выйшаў у фінал і паспрачаецца за Кубак Колдэра. Адзіную шайбу „Хершы” закінуў у другім перыядзе. Беларускі форвард у гэты час на лёдзе адсутнічаў. Адпаведна, у яго паказчык карыснасці „0”. За Кубак Колдэра „Хёршы” будзе змагацца з лепшай камандай Захаду, дзе „Каачэла” змагаецца з „Мілуокі” – лік у серыі 2:2.

Уладальнік Кубка Гагарына можа перайсці ў „Шахцёр”

Расейскі форвард Яўген Грыгарэнка можа перайсці ў „Шахцёр”. Пра гэта паведамляе „Voronkoff”. У мінулым сезоне 30-гадовы хакеіст абараняў колеры „Дызеля” і „Паўднёвага Урала”. У 33 гульнях ВХЛ у яго актыве 13 (5+8) ачкоў. У сезоне-2021/2022 Грыгарэнка выступаў за „Гомель”, дзе набраў 39 (19+20) ачкоў у 51 гульні. За кар’еру ў КХЛ Грыгарэнка выступаў за магнітагорскі „Металург”, „Нафтахімік”, „Северсталь” і „Адмірал” і набраў 60 (27+33) ачкоў у 207 гульнях. У сезоне-2013/2014 у складзе „Магніткі” ён заваяваў Кубак Гагарына.

Джокавіч абышоў Надаля па працэнце перамог на турнірах „Вялікага шлема”

Экс-першая ракетка свету, сербскі тэнісіст Новак Джокавіч, які цяпер знаходзіцца на трэцяй пазіцыі ў рэйтынгу АТП, абыграў 29-ю ракетку свету, іспанца Алехандра Давідовіч Фокіну ў трэцім раўндзе „Ралан Гарос” — 7:6 (7:4), 7: 6 (7:5), 6:2. Дзякуючы гэтаму поспеху, балканскі спартовец павысіў свой працэнт перамог на турнірах „Вялікага шлема” да 87,98. Па гэтым паказчыку ён падняўся на другое месца ў гісторыі Адкрытай эры, зрушыўшы іспанца Рафаэля Надаля – 87,96 перамог. Лідарства захоўвае Б’ёрн Бор — 89,24 працэнта. У топ-5 уваходзяць Роджэр Федэрэр і Род Лэйвер.

Беларускае Радыё Рацыя