Берсанаў выйграў „малы” срэбны медаль на чэмпіянаце свету ў Патае



Беларус Аляксандр Берсанаў у вагавай катэгорыі 89 кг выйграў малы срэбраны медаль у практыкаванні «рывок» на чэмпіянаце свету па цяжкай атлетыцы ў Тайландзе. Аляксандр паспяхова справіўся з усімі спробамі ў рыўку, і яго вынік склаў 169 кг, што дазволіла яму выйграць малое срэбра. На жаль, гэта не дапамагло атлету з Лепеля стаць прызёрам па выніках двубор’я, дзе ён з сумай у 370 кг (169 + 201) скончыў турнір на чацвёртай пазіцыі выніковага пратаколу, усталяваўшы новы нацыянальны рэкорд. Яшчэ адзін беларус Максім Мудрэўскі паказаў вынік 356 кг (160 у рыўку + 196 у штуршку) і заняў па выніках двуборʼя 11-е месца. Чэмпіёнам свету стаў армянін Хакабо Мкртчан з вынікам 375 кг (167 + 208). Сёння на чэмпіянаце свету выступіць беларуска Дзіна Сазанавец у вагавай катэгорыі 76 кг. Яна пачне турнір у групе В.

Сабаленка лёгка абыграла Колінз на турніры ва Ухані

Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка выйшла ў 1/8 фіналу турніру ў кітайскім Ухані. У паядынку другога раўнда адзіночнага разраду Арына без асаблівых праблем абыграла амерыканку Даніэль Колінз – 6:1, 6:0.

У актыве беларускі 7 эйсаў, у той час як суперніца ўсяго 1 раз падала на вылет. Сустрэча працягвалася ўсяго 50 хвілін. Летась Сабаленка стала пераможцам гэтага турніру, перамогшы ў вырашальным паядынку эстонку Анэт Кантавейт.

Паўловіч з-за траўмы прапусціць выязную серыю

Нападнік менскага «Дынама» Аляксандр Паўловіч не зможа адправіцца з камандай на бліжэйшую выязную серыю. Як паведамляе афіцыйны сайт «зуброў», Паўловіч прапусціць каля месяца. Пры гэтым, у заяўку каманды на бліжэйшую серыю гульняў увайшоў брамнік Міхаіл Карнаухаў, які з-за траўмы не гуляў каля паўгода. У спіс траўмаваных таксама ўнесены Павел Дзянісаў, Андрэй Паўленка і Сяргей Касціцын. Па медычных паказаннях таксама ў Менску застаўся Арцём Аносаў.

«Шахцёр» правядзе збор у Польшчы

Трохразовыя чэмпіёны Беларусі, удзельнікі Лігі чэмпіёнаў, валейбалісты салігорскага «Шахцёра» адпраўляюцца на перадсезонны збор у Польшчу. Акрамя трэніровак, падначаленыя Віктара Бекшы правядуць 25 і 26 верасня таварыскія матчы з камандай элітнага дывізіёна чэмпіянату Польшчы «Слепск-Малаў» (Сувалкі). Дэбютант Плюс-лігі спадзяецца на пашырэнне супрацоўніцтва з «гарнякамі», і ў сярэдзіне восені не выключаны візіт у адказ прадстаўнікоў гэтага клуба ў Беларусь. На выязных зборах «Шахцёр» будзе працаваць практычна ў аптымальным складзе з гульцамі, якія ўдзельнічалі ў фінальным раўндзе чэмпіянату Еўропы і вярнуліся ў размяшчэнне клуба. Першы афіцыйны матч сезона «гарнякі» правядуць 4 кастрычніка на пляцоўцы спартова-відовішчнага комплексу ў Салігорску. У паядынку за Суперкубак Беларусі сыдуцца «Шахцёр» і менскі «Будаўнік».

Месі назвалі лепшым футбалістам года

У оперным тэатры «Ла Скала» у Мілане адбылася штогадовая цырымонія The Best FIFA Football Awards. Найлепшым футбалістам года названы Ліянэль Месі. У мінулым сезоне ён з «Барселонай» стаў чэмпіёнам Іспаніі, забіў за каманду 36 галоў у чэмпіянаце, заваяваўшы «Залатую буцу», якая ўручаецца лепшаму бамбардзіру ўсіх нацыянальных чэмпіянатаў Еўропы. Лепшым трэнерам свету прызнаны Юрген Клоп, які з «Ліверпулем» выйграў Лігу чэмпіёнаў у мінулым сезоне. Лепшым галкіперам свету стаў гулец «Ліверпуля» Алісан Бекер. У намінацыі за самы прыгожы гол сезону пераможцам стаў 18-гадовы гулец «Дэбрэцэна» Даніэль Жоры. Узнагароду за сумленную гульню («фейр-плэй» сезону) атрымаў трэнер «Лідса» Марсела Бʼелса, які ў матчы Чемпіёншыпа загадаў сваім падначаленым прапусціць гол ад «Астан Вілы». Такім чынам настаўнік дазволіў суперніку зраўняць лік, паколькі перад гэтым яго футбалісты забілі гол з парушэннем правілаў.

Беларускае Радыё Рацыя