Без Аргентыны мундыяль не абыдзецца
Прыхільнікі футбольнай зборнай Аргентыны былі змушаны хвалявацца да апошняга адборавага матчу. Але геній гульні нумар адзін на планеце Ліанэль Месі сваім хет-трыкам усё ж прынёс „сярэбраным” пуцёўку на мундыяль. Цікава, што ў апошнім матчы з Эквадорам першымі хуткі гол забілі менавіта эквадорцы і аргентынцы віселі „на валаску”.
Ад Паўднёвай Амерыкі выйшлі на мундыяль таксама Бразілія, Уругвай і Калумбія. Моцная дружына Чылі заняла толькі 6-е месца і не трапіла нават у стыкавы спабор. Там будзе змагацца каманда Перу, якая сустрэнецца з Новай Зеляндыяй.
Ад іншых кантынентаў ужо вядомыя наступныя ўдзельнікі чэмпіянату свету:
Еўропа: Бельгія, Англія, Германія, Польшча, Іспанія, Ісляндыя, Сербія, Францыя і Партугалія. Расея як гаспадар першынства.
Азія: Японія, Паўднёвая Карэя, Іран, Савудаўская Арабія.
Афрыка: Нігерыя, Егіпет. Яшчэ пару зборных вызначацца пазней.
Паўночная Амерыка: Мексіка, Коста-Рыка, Панама. Сенсацыйна не выйшла на мундыяль зборная ЗША, якая прайграла ў апошнім туры камандзе Трынідада і Табага 1:2 і заняла толькі 5-е месца ў сваёй зоне.
Варта дадаць, што Ісляндыя і Панама яшчэ ніколі не выступалі ў фінальных стадыях чэмпіянату свету.
8 еўрапейскіх дружын (Паўночная Ірляндыя, Данія, Грэцыя, Італія, Ірляндыя, Харватыя, Швайцарыя і Швецыя) у стыкавых матчах вызначаць яшчэ 4-х уладальнікаў пуцёвак у фінальную стадыю. Лёсавання параў яшчэ не было.
Яшчэ ў адным, ужо міжкантынентальным стыку месца „пад сонцам” аспрэчаць Аўстралія і Гандурас.
Вызначыўся склад першага кошыку пры жараб’ёўцы фінальнага турніру. Апрача Расеі, як гаспадара турніру, туды ўвайшлі Бразілія, Партугалія, Аргентына, Бельгія, Польшча, Францыя і дзейсны чэмпіён свету Германія.
Лёсаванне групавога этапу чэмпіянату свету пройдзе 1 снежня ў Крамлі. Каманды будуць размеркаваны на 8 групаў па чатыры каманды ў кожнай.
Фінальная частка мундыялю пройдзе ў Расеі з 14 чэрвеня па 15 ліпеня 2018 года.
Беларускае Радыё Рацыя