БФФ дыскваліфікавала Івана Біёнчыка на тры матчы, а Алега Кубарава — на два



8 снежня прайшло чарговае паседжанне Камітэта кантрольна-дысцыплінарнага і па этычных пытаннях Асацыяцыі „Беларуская федэрацыя футбола”. Па яго выніках дыскваліфікацыю на тры матчы і штраф 20 базавых велічыняў атрымаў Іван Біёнчык, які пасля матчу супраць „Шахцёра” пракаментаваў судзейства і даў ацэнку яго якасці. Аналагічнае парушэнне дапусціў галоўны трэнер НФК „Крумкачы” Алег Кубараў пасля першай пераходнай гульні са „Славіяй”. Яго дыскваліфікавалі на два матчы. Па рэгламенце ўдзельнікам матчу забаронена каментаваць і даваць адзнакі працы судзейскай брыгады.

Серэна Уільямс адмовілася ад удзелу ў „Australian Open”

23-разовая чэмпіёнка турніраў „Вялікага шлема”, экс-першая ракетка свету амерыканка Серэна Уільямс афіцыйна аб’явіла, што не выступіць на Адкрытым чэмпіянаце Аўстраліі 2022 года. У канцы жніўня Серэна адмовілася ад удзелу ў Адкрытым чэмпіянаце ЗША. У першым крузе Уімблдона Уільямс паслізнулася на траве, траўмавалася і не змагла прадоўжыць матч з беларускай Аляксандрай Сасновіч. Пасля таго турніру Серэна на корт не выходзіла. Па выніках сезона яна займае 41-ы радок рэйтынгу.

Беларускі абаронца „Стоктана” Ілля Салаўёў набраў першае ачко ў сезоне

У чарговым матчы АХЛ „Стоктан” разграміў „Сан-Хасэ” з лікам 10:1. У пераможцаў беларускі абаронца Ілля Салаўёў адзначыўся выніковай перадачай, зрабіў 4 кідкі і зарабіў паказчык карыснасці +2. У актыве беларускага хакеіста ў гэтым сезоне – 1 (0+1) бамбардзірскі бал у 10 гульнях.

Аўстралія аб’явіла дыпламатычны байкот Алімпіядзе-2022

Аўстралійскія палітыкі не будуць прысутнічаць на зімовых Алімпійскіх гульнях 2022 года ў Пекіне. Пра гэта заявіў прэм’ер-міністр краіны Скот Морысан. Раней аб адпаведным рашэнні аб’явілі Злучаныя Штаты Амерыкі. У Алімпійскім камітэце Аўстраліі ўдакладнілі, што дыпламатычны байкот не паўплывае на 40 аўстралійскіх спартоўцаў, якія, як чакаецца, прымуць удзел у зімовых Алімпійскіх гульнях.