БФФ: На БТ большасць футбольных трансляцый павінна быць па-беларуску
Першы намеснік старшыні Беларускай федэрацыі футбола Сяргей Сафар’ян у адказе гамельчуку Ігару Случаку, які звярнуўся ў БФФ з пытаннем пра ўжыванне беларускай мовы ў айчынным футболе, паведаміў наступнае:
«Беларуская федэрацыя футбола заўжды вельмі адказна ставіцца да пытання выкарыстання беларускай мовы ў сваёй дзейнасці. АБФФ з’яўляецца бадай што першай з спартовых арганізацый у Беларусі, якая паслядоўна прасоўвае беларускую мову ў сваёй працы. Сярод іх, акрамя іншага, наступныя захады:
– гэта і наша патрабаванне да дамовы з БТ, каб не менш за 50% матчаў чэмпіяната Беларусі каментаваліся па-беларуску; – адмысловыя перадачы аб беларускім футболе па-беларуску; – рэкламныя ролікі па-беларуску; – разнастайная беларускамоўная друкаваная прадукцыя; – іншае выкарыстанне беларускай мовы ў АБФФ.
Безумоўна, мы разумеем, што шмат чаго яшчэ можна і трэба зрабіць у накірунку папулярызацыі беларускай мовы, таму мы вельмі ўдзячныя за Вашу працу і за Вашы прапановы па пашырэнню выкарыстання беларускай мовы ў беларускім футболе».