БГК другі раз абыграў паўночнамакедонскі „Еўрафарм Работнік”



Берасцейскі гандбольны клуб імя Мяшкова абыграў паўночнамакедонскі „Еурафарм Работнік” у гасцявым матчы групавога этапу SEHA-лігі. Берасцейцы сустрэлі ўпарты супраціў і сышлі на перапынак з мінімальнай перавагай – 18:17. Да заканчэння другой паловы сустрэчы БГК здолеў павялічыць сваю перавагу да трох мячоў – 35:32. Гэтыя супернікі ўжо сустракаліся 8 кастрычніка ў Берасці, і тады чэмпіёны Беларусі выйгралі з лікам 31:22.

Вар’яцтва ў Лондане – першыя матчы другой паловы Лігі чэмпіёнаў

Футбалісты „Зеніта” прайгралі ў Санкт-Пецярбургу нямецкаму „Лейпцыгу” на старце другой паловы групавога этапу Лігі чэмпіёнаў. На 5-й кампенсаванай хвіліне госці выйшлі наперад пасля ўдару Дыега Дэме. У другім тайме карціна гульні не змянілася – госці цалкам кантралявалі ход матчу, і на 63-й хвіліне Марсэль Забіцэр устанавіў канчатковы лік – 2: 0. Таксама ў групе G партугальская „Бенфіка” прайграла ў гасцях французскаму „Ліёну” 1:3. Такім чынам групу ўзначальвае надалей „Лейпцыг”, які мае 9 ачкоў, у „Зеніта” і „Ліёна” — па 4, у „Бенфікі” – 3 ачка. Лідэр групы F іспанская „Барселона” прымала на сваёй арэне чэшскую „Славію” і не змагла засмуціць брамніка чэхаў – нічыя 0:0. Нямецкая „Барусія” прымала ў Дортмундзе міланскі „Інтэр” і прайграючы да перапынку 0:2, у другім тайме змагла вырваць перамогу 3:2. Групу F надалей узначальвае „Барселона”, якая мае 8 ачкоў, у „Інтэра” і „Барусіі” — па 4, у „Славіі” – 2 балы. Сапраўднае вар’яцтва адбывалася ў аўторак вечарам у Лондане. «Чэлсі» па ходу матчу з «Аяксам» саступаў 1:4, прычым два галы адправілі ў сваю браму гульцы «арыстакратаў». На 63-й хвіліне Аспілікуэта адыграў адзін мяч, а затым два цэнтральныя абаронцы амстэрдамцаз Блінд і Велтман на працягу хвіліны атрымалі чырвоныя карткі. Гэта і дазволіла «Чэлсі» выратаваць матч – 4:4. Іспанская «Валенсія», саступаючы пасля першага тайма 0:1, змагла разграміць «Ліль» – 4:1. У гэтай групе адразу тры каманды набралі па 7 ачкоў – «Аякс», «Чэлсі» і «Валенсія», у «Ліля» усяго адзін бал. Падобна на тое, што канчаткова праяснілася сітуацыя ў групе «Е». «Ліверпуль» абыграў «Генк» 2:1, а «Напалі» не дазволіў наблізіцца да сябе „Рэд Булу» з Зальцбурга 1:1. «Ліверпуль» лідзіруе з 9 ачкамі, у «Напалі» – 8, у „Рэд Була” – 4, у «Генка» – 1 ачко.

«Цмокі» упэўнена абыгралі «Кіеў» у Кубку ФІБА-Еўропа

Баскетбалісты „Цмокi-Менск” святкавалі буйную перамогу ў гасцях у „Кіева” у заключным матчы першага раўнда групавога этапу Кубка ФІБА-Еўропа. З самага пачатку сустрэчы ва ўкраінскай сталіцы „Цмокi” вялі гульню і не дазволілі гаспадарам ні разу выйсці наперад. У выніку – упэўненая вікторыя «цмокаў» з лікам 99:74. У складзе пераможцаў самым выніковым стаў Алекс Гаўрыловіч, у актыве якога 25 ачкоў. У квартэце F „Цмокi-Менск” лідыруюць, набраўшы 6 ачкоў пасля трох матчаў. Жаночая каманда „Цмокi-Менск”, якая выступае ў розыгрышы Еўракубка, ў паядынку 4-га тура групы D сёння прыме ў Менску турэцкі „Хатай”. У першым матчы мінчанкі саступілі гэтаму клубу ў гасцях з лікам 71:79.

«Дынама» скасавала кантракт са сваім лепшым бамбардзірам

Параза ад „Салавата Юлаева” прымусіла кіраўніцтва менскага „Дынама” пайсці на непапулярныя меры. Скасаваны кантракт паміж „зубрамі” і канадскім форвардам Дру Шорам. Ён пакінуў шэрагі каманды па ўзаемнай згодзе бакоў, без выплаты кампенсацыі. На дадзены момант Шор з’яўляецца лепшым бамбардзірам каманды, набраўшы 17 ачкоў у 24 праведзеных матчах. На драфт адмоваў выстаўлены і Шэйн Прынс, які нядаўна выказваў жаданне атрымаць беларускае грамадзянства. На рахунку Прынса пасля 19 паядынкаў у складзе „Дынама” 13 набраных ачкоў, гэта трэці паказчык у камандзе.

У фарм-клубы таксама адправіліся чацвёра беларускіх гульцоў: Мікіта Феактыстаў выбыў у размяшчэнне „Дынама-Маладзечна”, абаронцы Раман Дзюкаў, Даніла Бокун і нападнік Андрэй Сцяпанаў – у „Юнацтва”. Таксама стала вядома, што ў менскага «Дынама» будзе новы капітан. Ім стаў 34-гадовы форвард Андрэй Касціцын. Гэта рашэнне сумесна прынялі генеральны дырэктар клуба Дзмітры Баскаў і трэнерскі штаб каманды.

Беларускае Радыё Рацыя