БГК імя Мяшкова абыграў маскоўскі „Спартак”



Берасцейскі гандбольны клуб імя Мяшкова перамог маскоўскі „Спартак” у матчы SEHA-лігі. З самага пачатку гасцявога паядынку берасцейцы ўзялі ініцыятыву ў свае рукі і без асаблівых праблем перамаглі — 34:26. У БГК выніковасцю адзначыўся Максім Баранаў, які закінуў 13 мячоў. Свой наступны матч SEHA-лігі берасцейцы правядуць 10 снежня на сваёй арэне супраць „Металапластыкі”. У першым крузе сербы ў сябе дома перамаглі БГК з лікам 35:33.

Баскетбалісты „Цмокi-Менск” дамагліся першай перамогі ў Адзінай лізе ВТБ, абыграўшы на выездзе „Калеў”

Пасля сямі паразаў запар „цмокі” урэшце дамагліся вікторыі, адолеўшы ў Таліне эстонскі „Калеў” з лікам 84:79. Свой наступны матч „банкаўскага” турніру падначаленыя Расціслава Вяргуна правядуць 15 снежня ў гасцях у польскага клуба „Зялёна Гура”. Да гэтага, 11 снежня, „Цмокi” стартуюць у другім групавым этапе розыгрышу Кубка ФІБА-Еўропа, на выездзе яны пазмагаюцца з ізраільскім „Іроні”. Жаночая каманда „Цмокi-Менск” 4 снежня правядзе заключны матч групы Еўракубка ў гасцях у славацкага „Ружамберока”.

Сербскі легіянер пакінуў БАТЭ

Сербскі паўабаронца Слабадан Сімавіч пакінуў БАТЭ пасля двух сезонаў у клубе па заканчэнні тэрміну дзеяння кантракту, паведамляе афіцыйны сайт клуба. Сімавіч перайшоў у БАТЭ ў сезоне 2018. Серб правёў за асноўны склад 25 матчаў і забіў адзін мяч. Гулец быў універсалам і ў выпадку неабходнасці закрываў пазіцыю цэнтральнага абаронцы. У мінулым сезоне даволі працяглы час серб прапусціў з-за траўмаў. Гулец летась дапамог заваяваць БАТЭ залатыя ўзнагароды, а ў гэтым — срэбраныя. Раней у Беларусі Слабадан Сімавіч гуляў за менскае „Дынама”.

Раян Спунэр увайшоў у топ бамбардзіраў чэмпіянату КХЛ па выніках лістапада

Форвард менскага „Дынама” Раян Спунэр ўвайшоў у лік лепшых бамбардзіраў чэмпіянату КХЛ па выніках лістапада. Такая інфармацыя змешчана на сайце Беларускай федэрацыі хакея. Спунэр у мінулым месяцы закінуў 4 шайбы і аддаў 6 перадач. Столькі ж ачкоў у лістападзе набралі яшчэ восем хакеістаў. Больш за паўночнага амерыканца, які выступае за менскае „Дынама”, а менавіта 14 пунктаў за лістапад набраў толькі нападнік маскоўскіх аднаклубнікаў „зуброў” Дзмітрый Яшкін, які і ўзначаліў спіс.

Фінал Кантынентальнага кубка, у якім згуляе гарадзенскі „Нёман”, прыме дацкі Военсэ

Вырашальная стадыя розыгрышу Кантынентальнага кубка IIHF, якая прызначаная на 10-12 студзеня, пройдзе ў дацкім Военсэ. Такая інфармацыя змешчана на сайце Міжнароднай федэрацыі хакея. У фінале памераюцца сіламі дацкі „Сендэрыйске”, беларускі „Нёман”, таксама падаваў заяўку на правядзенне гэтага турніру, брытанскі „Нотынгем” і польская „Краковія”. Пераможца Кантынентальнага кубка можа атрымаць права прадстаўляць сваю краіну ў Лізе чэмпіёнаў.

Беларускае Радыё Рацыя