БГК імя Мяшкова прайграў „Вардару” ў Лізе чэмпіёнаў
Берасцейскі гандбольны клуб імя Мяшкова пацярпеў пятую паразу ў Лізе чэмпіёнаў, саступіўшы ў гасцях паўночнамакедонскаму „Вардару” з лікам 31:36. Дзеючыя пераможцы чэмпіёнскай Лігі, гуляючы на сваёй арэне ў Скоп’е, з самага пачатку захапілі ініцыятыву і ні разу не дазволілі берасцейцам выйсці наперад. Самым выніковым у складзе БГК стаў Мікіта Вайлупаў, які закінуў 9 мячоў. У шасці праведзеных гульнях чэмпіёны Беларусі святкавалі толькі адну перамогу, абыграўшы на хатняй арэне ўкраінскі „Матор”. БГК свой наступны паядынак чэмпіёнскай Лігі правядзе 9 лістапада, калі прыме вугорскі „Веспрэм”.
Берасцейскае «Дынама» і «Шахцёр» згулялі ўнічыю
З нічыйным лікам 1:1 завяршыўся матч 27-га тура паміж лідарамі чэмпіянату Беларусі па футболе берасцейскім «Дынама» і салігорскім «Шахцёрам». У «Дынама» вызначыўся Дзяніс Лапцеў, які яшчэ ў мінулым сезоне гуляў у Салігорску, а ў «Шахцёра» – Уладзімір Хвашчынскі, які з’яўляецца выхаванцам берасцейскага клуба. Пасля 27 матчаў у «Дынама» стала 68 ачкоў, у „Шахцёра” – 59 балаў. Свае шанцы на чэмпіёнства пагоршыў барысаўскі БАТЭ, які прайграў «Іслачы» на «Барысаў-Арэне» з лікам 2:4. У «Іслачы” дублем адзначыўся Аляксандр Макась, Момо Янсанэ і Годфры Стэфэн, у складзе БАТЭ – Станіслаў Драгун і Максім Скавыш. У гэтым чэмпіянаце „Іслач” адабрала ў БАТЭ пяць ачкоў. У першым раўндзе сустрэча гэтых супернікаў завяршылася ўнічыю – 0:0. За тры туры да фінішу адрыў лідара берасцейскага «Дынама» ад БАТЭ складае сем ачкоў. Перамога берасцейцаў у наступным матчы датэрмінова забяспечыць ім чэмпіёнства. На трэцім месцы знаходзіцца салігорскі „Шахцёр”. Менскае „Дынама”, якое ў гэтым туры прайграла жодзінскаму «Тарпеда» 0:4, страціла шанцы на медалі.
“Ягелонія” абыграла ЛКС Лодзь у хатнім матчы
Беластоцкая «Ягелонія» на хатняй арэне з лікам 2:0 абыграла ЛКС Лодзь у матчы 14-га тура футбольнай экстракласы. У складзе каманды Ірэніўша Мамрота забітымі галамі адзначыліся Барташ Квецень і Патрык Клімала. Перамога дазволіла беластачанам захаваць дыстанцыю да лідыруючай групы чэмпіяната. У наступным матчы «Ягу» чакае выезд да дзеючага чэмпіёна краіны «Пяста» Глівіцэ.
Менскае «Дынама» пацярпела ў КХЛ адзінаццатую паразу запар
Ва Уфе менскае „Дынама” у рамках рэгулярнага сезона КХЛ сустракалася з мясцовым «Салаватам Юлаевым» і пацярпела разгромную паразу 1:9. Са старту брамку „зуброў” абараняў Юнас Энрат, але пасля шостай прапушчанай шайбы яго змяніў Мікіта Талапіла. Гэтая параза – самая буйная за час выступаў беларускай каманды ў КХЛ. Ранейшы антырэкорд – 1:8 быў зафіксаваны ў 2016 годзе ў выязным матчы супраць омскага «Авангарда». Для «Дынама» гэтая параза стала адзінаццатай запар. Такім чынам, каманда Крэйга Вудкрафта паўтарыла антырэкорд, усталяваны ў верасні-кастрычніку мінулага года пры кіраўніцтве Гордзі Дуаера. Тая серыя без перамог прывяла да адстаўкі трэнера. У турнірнай табліцы Заходняй канферэнцыі «Дынама» пасля 24 матчаў мае 18 ачкоў і займае перадапошняе 12-е месца. Наступны матч „зубры” правядуць 12 лістапада ў Менску супраць ніжагародскага «Тарпеда».
Барацьбіты Аляксандр Лявончык і Дзмітрый Камінскі выйгралі ўзнагароды моладзевага чэмпіяната свету
Беларускія барацьбіты грэка-рымскага стылю Аляксандр Лявончык у вазе 67 кг і Дзмітрый Камінскі ў вазе 97 кг выйгралі срэбра і бронзу моладзевага чэмпіянату свету, які завяршыўся ў Будапешце. Без паразаў дайшоўшы да фіналу, у вырашальнай сутычцы Аляксандр Лявончык быў вымушаны прызнаць перавагу егіпцяніна Махамеда Ібрагіма Эльсаеда.
Дзмітрый Камінскі ў сутычцы за бронзу прымусіў капітуляваць індыйскага „класіка” Раві Раві. Такім чынам, са срэбрам і трыма бронзавымі ўзнагародамі беларускія атлеты занялі высокае пятае месца ў агульнакамандным заліку маладзёжнага чэмпіянату свету.
Беларускія дзюдаісты заваявалі два медалі на маладзёжным чэмпіянаце Еўропы па дзюдо
Беларускія спартоўцы заваявалі дзве ўзнагароды на чэмпіянаце Еўропы па дзюдо сярод спартоўцаў ва ўзросце да 23 гадоў, які прайшоў у расейскім Іжэўску. На вышэйшую прыступку п’едэстала гонару ў вагавай катэгорыі да 100 кг падняўся беларус Даніэл Мукетэ. Ён з лёгкасцю прайшоў кваліфікацыйнае сіта, а ў фінале перамог грузіна Анісэ Санэблідзэ. Таксама бронзавая ўзнагарода на рахунку беларуса Ягора Кухарэнкі ў вазе звыш 100 кг. Удзел у турніры прынялі больш за 300 дзюдаістаў з 40 краін Еўропы.
Аліна Змушко прынесла зборнай Беларусі другую бронзу на этапе Кубка свету
Беларуская спартоўка Аліна Змушко заваявала бронзавы медаль на дыстанцыі 50 м брасам на шостым этапе Кубка свету па плаванні, які прайшоў у Казані. Беларуска паказала вынік у 31,18 секунды. Першай кранула борціка басейна бразільская спартоўка Джэніфер Консейсао – 30,68 сек. Раней Аліна таксама паказала трэці вынік на дыстанцыі 100 м брасам.
Беларусы засталіся без узнагарод адкрытага чэмпіянату краіны па настольным тэнісе
Беларускія майстры малой ракеткі засталіся без медалёў адкрытага чэмпіянату Беларусі па настольным тэнісе, які завяршыўся ў сталіцы.
У мужчынскім адзіночным разрадзе лепшы з беларусаў Павел Платонаў завяршыў турнірны шлях на стадыі 1/8 фіналу. Перамогу святкаваў француз Эмануэль Лебесон. У аналагічным разрадзе ў жанчын беларуска Надзея Багданава спынілася на стадыі 1/16 фіналу. Роўных ж тут не было японцы Хіне Хаят. У парным разрадзе ў мужчын Павел Платонаў і Аляксандр Ханін выбылі ў 1/8 фіналу, а вікторыя дасталася кітайцам Хайдону Ксю і Жаояну Жао. У парным разрадзе ў жанчын Надзея Багданава і Дар’я Трыгалас таксама завяршылі спаборніцтвы на парозе чвэрцьфінальнай стадыі. Чэмпіёнскі тытул выйгралі японкі Сацукі Ода і Сакі Шыбата. За медалі адкрытага чэмпіянату Беларусі па настольным тэнісе спрачаліся каля 300 спартоўцаў з 50-ці краін у дзвюх узроставых катэгорыях.
Люіс Гамільтан стаў чэмпіёнам у шосты раз
Пілот „Мерседэса” Люіс Гамільтан заняў другое месца на „Гран-пры ЗША” і перамог у чэмпіянаце „Формулы-1”. Гонку ж ў Осціне выйграў Валтэры Ботас. Брытанец Гамільтан абышоў Хуана Мануэля Фанхіа, стаўшы адзіным шасціразовым чэмпіёнам свету. Больш тытулаў – 7 -заваяваў толькі Міхаэль Шумахер.
Беларускае Радыё Рацыя