БГК перамог маскоўскі «Спартак» у SEHA-лізе



Берасцейскі гандбольны клуб імя Мяшкова святкаваў першую перамогу ў новым сезоне SEHA-лігі. На пляцоўцы спарткомплексу «Вікторыя» чэмпіёны Беларусі прымалі дэбютанта гэтага турніру маскоўскі «Спартак» і былі значна мацней – 35:24. Самым выніковым у складзе пераможцаў стаў Мікіта Вайлупаў, які закінуў 9 мячоў. У першым туры SEHA-лігі БГК імя Мяшкова на хатняй арэне саступіў аднаму з галоўных фаварытаў вугорскаму «Веспрэму» з мінімальнай розніцай у ліку – 27:28. Свой наступны матч у папярэдняй групе В берасцейскія гандбалісты правядуць 3 кастрычніка ў гасцях у сербскага клуба «Металапластыка».

 

«Юнацтва» узяло рэванш у «Дынама-Маладзечна»

Менскае «Юнацтва» ўзяло пераканаўчы рэванш у «Дынама-Маладзечна» за нядаўнюю крыўдную хатнюю паразу, выйграўшы гасцявую сустрэчу з лікам 5:2. З іншых матчаў гульнявога дня экстралігі адзначым выязную перамогу «Гомеля» над гарадзенскім «Нёманам». Каманды згулялі строга ад абароны, не імкнуліся рызыкаваць. У выніку для высвятлення мацнейшага давялося звярнуцца да булітаў. У латарэі больш пашанцавала гамяльчанам. Лік матчу – 2:3. Салігорскі «Шахцёр» разграміў на сваёй пляцоўцы «Магілёў» з лікам 7:0. Адсвяткавала першую вікторыю ў сезоне «Ліда». Пад гарачую руку «рыцараў» трапіў жлобінскі «Металург» – 6:2. Пасля восьмага тура турнірную табліцу з 17 ачкамі ўзначаліў салігорскі «Шахцёр». На два ачкі менш у гарадзенскага «Нёмана», а «Дынама-Маладзечна» пасля двух паразаў запар адкацілася на трэцюю пазіцыю. Зрэшты, лідарам па страчаных ачках з’яўляецца «Юнацтва». Чэмпіёны Беларусі, згуляўшы 5 матчаў, набралі 10 пунктаў.

 

«Нёман» даведаўся свой расклад у Кантынентальным кубку

Гарадзенскі «Нёман», які будзе прадстаўляць Беларусь у хакейным Кантынентальным кубку, даведаўся расклад паўфінальных матчаў. Турнір пройдзе ў Кракаве з 15 па 17 лістапада. За дзве пуцёўкі ў фінал Кантынентальнага кубка гарадзенцы будуць змагацца з казахстанскім «Бейбарысам», польскай «Краковіяй», а таксама пераможцам групы С другога раўнда – ім можа стаць «Рыга», «Данбас» ці румынская «Карона».

 

«Цмокі» могуць зноў згуляць з «Торунем» у Лізе чэмпіёнаў

Баскетбалісты «Цмокi-Менск» прайгралі на выездзе фінскаму «Карху» на старце кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў 86:93. Сустрэча ў адказ адбудзецца 20 верасня ў Менску. У выпадку поспеху па суме двух паядынкаў з фінамі «Цмокi» згуляюць з польскім клубам «Торунь», які ў мінулым сезоне выбіў беларусаў з турніру. Калі «цмокі» пераадолеюць кваліфікацыйныя барʼеры, то выступяць у папярэдняй групе А Лігі чэмпіёнаў.

 

Беларускія мастачкі пакуль без медалёў на чэмпіянаце свету

Беларускія спартоўкі не змаглі выйграць медалі ў другі дзень чэмпіянату свету па мастацкай гімнастыцы ў Баку, застаўшыся па-за тройкі прызёраў па выніках практыкаванняў з мячом і абручом. Узнагароды ў абодвух відах праграмы дасталіся расейскім «мастачкам». Кампазіцыя з абручом стала залатой для Кацярыны Селязнёвай. Беларускі Анастасія Салос і Кацярына Галкіна спыніліся на 7-м і 8-м радку выніковага пратаколу адпаведна. Практыванні з мячом лепш за іншых выканала Дзіна Аверына. Што датычыцца беларусак, то ў гэтым выглядзе праграмы яны засталіся па-за васьмёркі мацнейшых.

 

«Мянчанка» выйгралі першы матч на Кубку Расеі

Валейбалісткі «Мянчанкі» выйгралі стартавую сустрэчу папярэдняга раўнда Кубка Расеі ў суперніц з «Ліпецка» з лікам 3:1. Наступным супернікам беларусак стане яшчэ адзін прадстаўнік другога па значнасці дывізіёна чэмпіянату Расеі «Уфімачка» -УГНТУ. Затым менскую каманду чакаюць матчы з аднымі з наймацнейшых клубаў расейскай жаночай суперлігі – калінінградскім «Лакаматывам» і краснадарскім «Дынама».

 

Івашка прайграў у першым раўндзе турніру ў Санкт-Пецярбургу

Беларускі тэнісіст Ілля Івашка, які мае 135-ы нумар рэйтынгу АТР, завяршыў выступы на турніры ў Санкт-Пецярбургу. У паядынку першага раўнда з расеянінам Андрэем Рублёвым ён выйграў першую партыю 6:4, але затым прайграў два сэты запар – 0:6, 4:6. Раней яшчэ адзін беларус Ягор Герасімаў прабіўся ў 1/8 фіналу, перамогшы чэшскага тэнісіста Лукаша Росала – 7:5, 6:2. У матчы за выхад у чвэрцьфінал Ягор Герасімаў сустрэнецца з французам Адрыянам Манарына.

 

Бандарэнка не пазмагаецца за медаль на чэмпіянаце свету па боксе

Беларус Віталь Бандарэнка ў вагавай катэгорыі 75 кг выбыў з медалёвай гонкі чэмпіянату свету па боксе, які праходзіць у Екацярынбургу. Бандарэнка паспяхова дайшоў да 1/8 фіналу. Аднак у сутычцы супраць італьянскага спартоўца Сальватору Кавалара ён саступіў вікторыю адзінагалосным рашэннем суддзяў 0:5 і завяршыў выступы на сусветным форуме. Яшчэ адзін беларускі баксёр Міхаіл Даўгалевец у вазе 81 кг паспрабуе адолець прадстаўніка Расеі Георгія Кушыташвілі.

 

Зыгмантовіч пакінуў берасцейскі «Рух»

Па звестках pressball.by, галоўны трэнер берасцейскага «Руху» Андрэй Зыгмантовіч больш не кіруе камандай. Да бліжэйшага матчу – са «Смаргонню» – футбалістаў рыхтуюць яго памагатыя. У клубе гэтую інфармацыю пацвердзілі. Афіцыйная фармулёўка гучыць так: «Андрэй Зыгмантовіч па сямейных абставінах зʼехаў у Менск». Пасля 19 гульняў у чэмпіянаце першай лігі «Рух» мае ў актыве 35 ачкоў і займае пятае месца.

 

«Ліверпуль» з паразы пачаў абарону тытула пераможцы Лігі чэмпіёнаў

«Напалі» на хатняй арэне адолеў «Ліверпуль» у матчы першага тура групавога этапу Лігі чэмпіёнаў – 2:0. У гаспадароў у канцоўцы з пенальці вызначыўся форвард Дрыс Мертэнс, а кропку ў супрацьстаянні паставіў нападнік Фернанда Льёрэнтэ. «Ліверпуль» стаў другім дзеючым пераможцам, які пачаў абарону тытула ў Лізе чэмпіёнаў з паразы. У сезоне-1994/95 «Мілан» саступіў «Аяксу» з лікам 0:2. Вяртаем да ўчорашніх матчаў. «Зальцбург» на хатняй арэне разграміў «Генк» – 6:2 – Холанд адзначыўся хет-трыкам. «Зеніт» згуляў унічыю ў гасцях з «Ліёнам» – 1:1 – на гол «зенітаўца» Азмуна французы адказалі дакладным ударам Дэпая з 11-метровага. «Чэлсі» на сваім полі саступіў «Валенсіі» – 0:1. Дортмундская «Барусія» і «Барселона» згулялі ўнічыю – 0:0. На 57-й хвіліне галкіпер іспанскай каманды Марк-Андрэ Тэр Стэген парыраваў пенальці ў выкананні Марка Ройса. Міланскі «Інтэр» згуляў унічыю з пражскай «Славіяй» 1:1, нямецкі «Лейпцыг» перамог у гасцях партугальскую «Бенфіку» 2:1, «Аякс» разграміў французскі «Ліль» з лікам 3:0.

Беларускае Радыё Рацыя