БГК разграміў „Пекін” у першым матчы 1/8 фіналу SEHA-лігі
Берасцейскі гандбольны клуб імя Мяшкова перамог у першым матчы 1/8 фіналу SEHA-лігі. На хатняй арэне чэмпіёны Беларусі разграмілі гасцей з кітайскага „Пекіна” з лікам 46:26. Сёння, 3 сакавіка, у Берасці адбудзецца паўторны паядынак за выхад у чвэрцьфінал. У выпадку поспеху ў двух матчах з кітайскай камандай БГК імя Мяшкова згуляе ў чвэрцьфінале з запарожскім „Маторам”. У складзе чэмпіёнаў Украіны выступаюць два беларускія гандбалісты – Барыс Пухоўскі і Максім Бабічаў.
„Шахцёр” і „Нёман” у кроку ад выхаду ў паўфінал Кубка Прэзідэнта
Хакеісты салігорскага „Шахцёра” і гарадзенскага „Нёмана” дамагліся трэціх перамог у чвэрцьфінальнай серыі плэй-оф Кубка Прэзідэнта-2020. Для выхаду ў наступную стадыю турніру ім засталося выйграць па аднаму матчу. Салігорская каманда перамагла на выездзе „Металург” са Жлобіна з лікам 5:3. „Нёман” справіўся з супернікамі з „Магілёва” – 3:2. Пераможнае ўзяцце брамкі на рахунку Арцёма Кіслага, які вызначыўся, нягледзячы на тое, што яго каманда знаходзілася ў меншасці. „Шахцёр” і „Нёман” павялі ў серыях да чатырох вікторый з лікам 3:0. Пасля крыўдных асечак зноў вярнуліся на пераможны шлях менскае „Юнацтва” і „Дынама-Маладзечна”. Шматразовыя чэмпіёны Беларусі ў Оршы адолелі мясцовы „Лакаматыў” – 2:1, а „зубры” перамаглі „Гомель” – 4:1. Такім чынам, фаварыты павялі ў серыях да чатырох перамог – 2:1.
Кацярына Галкіна заваявала срэбра турніру серыі Гран-пры ў Эстоніі
Беларуска Кацярына Галкіна выйграла срэбраны медаль турніру серыі Гран-пры па мастацкай гімнастыцы ў эстонскім Тарту. Беларуска вызначылася ў практыкаваннях з абручом, прапусціўшы наперад толькі знакамітую расейку Арыну Аверыну. У шматбор’і ж Кацярына Галкіна не змагла навязаць барацьбу расейскім грацыям, якія занялі ўвесь п’едэстал у алімпійскім відзе праграмы.
Вольга Гаварцова выйшла ў 1/8 фіналу тэніснага турніру ў Мантэрэі
Беларуская тэнісістка Вольга Гаварцова, якая мае 142-і нумар сусветнага рэйтынгу, прабілася ў другі раўнд турніру ў мексіканскім Мантэрэі з прызавым фондам 251 тысяча даляраў. Беларуска сустракалася з амерыканкай Каралін Долхайд і выйграла ў трохсэтавым паядынку – 3:6, 6:2, 6:1. Матч працягваўся 1 гадзіну 40 хвілін. Наступнай суперніцай Вольгі будзе пераможца сустрэчы 1/16 фіналу паміж украінкай Элінай Світолінай і чарнагорскай тэнісісткай Данкай Ковінчыч.
За пуцёўку на алімпійскі турнір па баскетболе 3х3 беларускі паспрачаюцца ў Індыі
Жаночая зборная Беларусі па баскетболе 3х3 у сакавіку паспрачаецца за пуцёўку на такійскую Алімпіяду на кваліфікацыйным турніры ў індыйскім Бангалоры. На папярэднім этапе суперніцамі беларусак у групе С будуць каманды Вугоршчыны, Шры-Ланкі, Эстоніі і Нідэрландаў. Усяго ў алімпійскай кваліфікацыі возьмуць удзел 20 зборных, якія падзелены на 4 групы. Па дзве лепшыя каманды з кожнага квінтэта выйдуць у чвэрцьфінал турніру, а пуцёкі на Алімпіяду-2020 атрымаюць 3 лепшыя дружыны кваліфікацыйнага этапу.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя