Бітва за чэмпіёнскі тытул і „Залаты мяч”



Сёння ў Сэн-Дэні, прыгарадзе Парыжу пройдзе вырашальны паядынак за 15-ы тытул чэмпіёнаў Еўропы паміж Францыяй і Партугаліяй. У сваіх ранейшых выпусках мы неяк замала ўвагі надавалі асобам трэнераў гэтых дружын. Таму сёння давайце крыху падрабязней пра гэтыя асобы, якія прывялі свае дружыны да фіналу. Галоўны рулявы “трохкаляровых” Дзідзье Дэшам, да слова баск па нацыянальнасці, больш ведамы ў футбольным свеце. І ня дзіва, як гулец ён станавіўся чэмпіёнам свету і Еўропы – адпаведна ў 1998-ым і 2000-ым, быў капітанам той дружыны. Да нацыянальнай зборнай Францыі 47-гадовы Дэшам досыць паспяхова працаваў з клубамі “Манака”, турынскі “Ювентус”, “Марсель”.  Апанент Дэшама на партугальскім караблі намнога старэйшы – Фернанду Сантушу ўжо 61 год. Цікава, што ён у сваёй кар’еры паспеў патрэніраваць усіх антаганістычных грандаў партугальскага футболу – “Порту”, лісабонскія “Бенфіку” і “Спортынг”. На яго рахунку адзін чэмпіёнскі тытул з “Порту”. Мянушка рулявога пірэнейцаў – Інжынер, яе яму далі за атрыманую адпаведную спецыяльнасць. Канструяваць на полі ў Сантуша таксама атрымліваецца.  Да працы са зборнай сваёй краіны ён чатыры гады ўзначальваў дружыну Грэцыі. Прычым дастаткова паспяхова – выводзіў яе ў плэй-оф на Еўра-2012 і мунлыялі – 2014.

Галоўны трэнер зборнай Францыі Дзідзье Дэшам заявіў журналістам наступнае: “Ужо доўга ваш знакаміты залаты мяч разыгрываецца паміж Крышціяну Раналду і Месі. Калі Грызману пашэнціць стаць адным з кандыдатаў – тым лепш. Але канешне мне цікава найперш тое, што Антуан і яго партнэры пастараюцца стаць чэмпіёнамі Еўропы. Пра гэта ж думае Раналду і зборная Партугаліі”.  Па вялікім рахунку сёння разыгрываецца сапраўды ня толькі кантынетальны тытул, але і “Залаты мяч”. Антуан Грызман з сваімі 6-цю галамі напэўна застанецца лепшым бамбардзірам турніру, але калі Раналду прывядзе сваю зборную да чэмпіёнства, напэўна “Залаты мяч” дастанецца менавіта яму. Прыгадаем, што гламурны партугалец ужо выйграў сёлета Лігу чэмпіёнаў у складзе мадрыдскага “Рэала”, а Грызман, які выступаў у тым фінале за мадрыдскі “Атлетыка”, тады не рэалізаваў пенальці. Уся астатняя статыстыка проста знішчальная для Раналду. Уедлівыя калегі падлічылі , што за 13-гадовую кар’еру ў зборнай ён не забіў аніводнага мяча ў сустрэчах з моцнымі Старога свету – у чатырох матчах з Германіяй, у чатырох – з Іспаніяй, у трох матчах – з Англіяй і Францыяй і ў двух матчах з Італіяй. Партугалія ж, нагадаю, саступіла Францыі ва ўсіх астатніх 10 матчах. Апошні раз еўрапейскія бразільцы, як іх называлі раней, выйгралі ў “мушкецёраў” у таварыскай сустрэчы 1975 году – 2:0 – болей 40 гадоў таму.

Крышціяну Раналду заваяваў з Партугаліяй срэбра-2004 году і бронзу Еўра-2012, у яго актыве таксама 4-е месца на мундыялі 2006-га. У Грызмана бальшыня дасягненняў напэўна яшчэ наперадзе, але ўжо зараз можна сказаць, што ён належна замяніў скандальнага Карыма Бензема, якога слушна адчапіў ад складу “трохкаляровых” Дэшам. А вось як выказаўся пра Грызмана яго партнэр па зборнай Бакары Санья: “Ён на адным роўні з Раналду і Месі. Гэты турнір стаў для Антуана рэваншам за тое, што некалі акадэміі Францыі яго адкінулі. Ён прайшоў цяжкі шлях і заслужана апынуўся там, дзе ён цяпер”. Што ж, з мікракліматам у стане “трохкаляровых” сапраўды пасля многіх гадоў разладу ўсё ў парадку. Таму і зайшла дружына так далёка. А былы форвард зборнай Францыі, а цяпер яшчэ досыць папулярны кінактор, эксцэнтрычны Эрык Кантана запісаў жартоўнае відэа, дзе назваў зборную Партугаліі “бутэлькай з кетчупам” – маўляў ціснеш, 90 хвілін нічога, а потым раптам – усё!

Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя