Біятлонны мас-старт: серабро Дар’і Домрачавай
17 лютага ў алімпійскім Пхенчхане прайшоў біятлонны мас-старт сярод жанчын (дыстанцыя 12,5 кіламетраў з 4 стрэльбамі). Удзел у ім узялі тры прадстаўніцы Беларусі: Надзея Скардзіна, Ірына Крыўко і Дар’я Домрачава.
Пасля першага агнявога рубяжа наперад вырвалася Анстасія Кузьміна з Славаччыны. Домрачава і Скардзіна адстраляліся бездакорна і былі 5-й і 13-й адпаведна. Правалілася звычайна надзейная ў стральбе Крыўко, якая паехала ажно на 3 (!) штрафныя кругі.
На другой стральбе лежачы Домрачава была дакладнай і пайшла на лыжню ўжо другой, Скардзіна таксама не схібіла, перамясціўшыся на 9-ю пазіцыю.
На трэцяй стральбе па мішэнях, ужо стоячы, ДД выбіла 4 талерачкі з 5 і выправілася на штрафны круг. Урэшце яна пайшла на дыстанцыю 5-й. Скардзіна зноў выдатна 5 разоў трапіла ў мішэнь і стала на дыстанцыі ўжо 7-й.
Заключны стралковы заход прынёс наступныя вынікі: Кузміна адзін раз схібіла, але мела запас у часе і паляцела па алімпійскае золата; Домрачава была на гэты раз дакладнай і пайшла на другой пазіцыі; Скардзіна зноў страляла ўзорна, але адставала па хуткасці.
На фінішы Анастасія Кузміна была першай і прынесла Славаччыне першае золата на гэтай алімпіядзе. Дар’я Домрачава здолела ўтрымаць сваю сярэбраную пазіцыю, адстаўшы на 18,8 секунды. Бронзавай прызёркай стала нарвежка Цірыл Экхоф.
Надзея Скардзіна заняла выніковае 7-е месца і таксама заслугоўвае добрых слоў. Крыўко сабралася з нервамі і сіламі, фінішаваўшы 26-й.
Беларускае Радыё Рацыя