„БХ”: беларусам забаронена гуляць у чэмпіянаце Латвіі



Праўленне Латвійскай хакейнай федэрацыі прыняло рашэнне перапыніць удзел у нацыянальным чэмпіянаце ўсіх гульцоў з расейскімі і беларускімі пашпартамі з 8 сакавіка з-за вайны ва Украіне, – інфармуе „БХ”. Менавіта з гэтай прычыны беларускі форвард Арцём Аносаў зараз не выступае за „Ліепаю”. Тым не менш, 22-гадовы хакеіст застаецца ў размяшчэнні клуба і працягвае трэніроўкі. У гэтым сезоне Аносаў набраў 35 (12+23) ачкоў у 31 сустрэчы.

Павел Паўлючэнка ўключаны ў сімвалічную зборную найлепшых гульцоў 26-га тура чэмпіянату Польшчы

Беларускі брамнік „Тэрмалікі” Павел Паўлючэнка ўключаны ў сімвалічную зборную найлепшых гульцоў 26-га тура чэмпіянату Польшчы па футболе. У матчы з „Гурнікам” (1:1) беларус зрабіў дзесяць сэйваў і прапусціў адзін гол. Паўлючэнка другі раз за шэсць тураў трапіў у сімвалічную зборную: раней ён прызнаваўся найлепшым варатаром 24-га тура чэмпіянату Польшчы.

Крыніца: „Ёкерыт” вернецца ў чэмпіянат Фінляндыі

Фінскі „Ёкерыт”, які раней выступаў у Кантынентальнай хакейнай лізе, плануе вярнуцца ў чэмпіянат Фінляндыі, — паведамляюць фінскія СМІ. „Ёкерыт” пакінуў КХЛ у лютым 2022 года. Пакуль няма афіцыйнай інфармацыі, ці будзе каманда гуляць у якой-небудзь лізе ў наступным сезоне. „Ёкерыт”, які выйграў шэсць чэмпіянатаў Фінляндыі, апошні раз выступаў у фінскай лізе ў 2014 годзе.

Міжнародная федэрацыя скалалажання прыпыніла сяброўства федэрацый Расеі і Беларусі

Генеральная асамблея Міжнароднай федэрацыі спартовага скалалажання (IFSC) часова прыпыніла членства Федэрацыі скалалажання Расеі (ФСР) і Беларускай федэрацыі альпінізму (БФА), — паведамляе прэс-служба IFSC. Такое рашэнне прынята праз сітуацыю вакол Расеі і Украіны. 4 сакавіка IFSC адхіліла ад працы ў камісіях і працоўных групах усіх прадстаўнікоў Расеі і Беларусі. 2 сакавіка IFSC адхіліла ад удзелу ў міжнародных спаборніцтвах расейскіх і беларускіх спартоўцаў, а таксама адмяніла ўсе спаборніцтвы ў Расеі і Беларусі.

Беларускае Радыё Рацыя