Павел Паўлючэнка перайшоў з берасцейскага „Дынама” ў „Рух”



Беларускі брамнік Павел Паўлючэнка (1998) перайшоў з берасцейскага „Дынама” ў „Рух”. Кантракт 23-гадовага галкіпера падпісаны па схеме 1+1.

З сярэдзіны 2017 года гулец моладзевай зборнай Беларусі выступаў за „Дынама”, у складзе якога правёў 30 паядынкаў, у 11 з якіх пакінуў свае вароты „сухімі”. Таксама Аляксандр Наёк і Павел Савіцкі трэніруюцца з „Рухам”. У мінулым сезоне абодва футбаліста выступалі ў берасцейскім „Дынама”.

Арына Сабаленка выйшла ў фінал турніру ў Абу-Дабі

Арына Сабаленка (10-ы нумар рэйтынгу ВТА) выйшла ў фінал турніру ў Абу-Дабі. У матчы 1/2 фіналу беларуска перамагла грачанку Марыю Сакара (22 ВТА) з лікам 6:3, 6:2. У паядынку за тытул менчанка пазмагаецца з расейкай Веранікай Кудзерметавай. У паўфінале яна абыграла ўкраінку Марту Касцюк (7:6, 6:4). У выпадку перамогі Сабаленка ўпершыню ў кар’еры стане сёмай ракеткай свету. Фінальны матч пройдзе 13 студзеня.

Ягор Шаранговіч застаўся ў абойме „Нью-Джэрсі”

Кіраўніцтва „Нью-Джэрсі” абвясціла аб тым, што з трэніровачнага лагера адпраўленыя 11 гульцоў. Такім чынам, беларускі нападнік Ягор Шаранговіч застаецца ў размяшчэнні НХЛаўскага клуба. Канчатковая заяўка „Нью-Джэрсі” на стартуючы 13 студзеня рэгулярны чэмпіянат НХЛ павінна быць апублікаваная да поўначы па менскім часе.

Андрэй Касціцын шукае варыянты ў Еўропе

Беларускі форвард Андрэй Касціцын (1985) шукае варыянты ў Еўропе. Нападнік ужо адхіліў прапановы са Славакіі і Польшчы. Апошнім клубам хакеіста быў „Нафтахімік”. У цяперашнім сезоне КХЛ Андрэй правёў 24 матчы і набраў 10 (2+8) ачкоў пры паказчыку карыснасці „-9”. У канцы снежня ніжнякамцы выставілі беларуса на драфт адмоваў, а затым скасавалі з ім кантракт.

Менск прыме этап Еўрапейскай жаночай баскетбольнай лігі

У Менску стартуе чарговы этап спаборніцтваў каманд групы В розыгрышу Еўрапейскай жаночай баскетбольнай лігі (EWBL). У першым матчы баскетбалісткі „Цмокi-Менск” згуляюць з расейскім клубам „Ніка” з Сыктыўкара. Заўтра „Цмокi” сустрэнуцца з літоўскім „Кібіркшцісам” з Вільні, „Ніка” будзе супернічаць з гарадзенскай „Алімпіяй”, а лідары беларускага чэмпіянату спартоўкі „Гарызонта” згуляюць з латвійскім ТТТ з Рыгі.

Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: pressball.by