Бразілія і Бельгія выйшлі ў чвэрцьфінал мундыялю
У панядзелак вызначыліся яшчэ два чвэрцьфіналісты чэмпіянату свету.
Мексіка была больш ініцыятыўнай у дэбюце паядынку з Бразіліяй і сустракала супернікаў досыць высокім прэсінгам. Асабліва напружваў пентакамеонаў Карлас Вела. У бразільцаў не выйшаў у стартавым складзе траўмаваны Марсэла, а вось ветэран “ацтэкаў” Рафаэль Маркес адразу з’явіўся ў пачатковай абойме.
“Жоўта-сінія” вытрымалі стартавы парыў мексіканцаў і перавялі гульню ў ім выгоднае рэчышча. На перапынак пайшлі пры нулях на табло.
Пачатак другой паловы сустрэчы прайшоў ужо пад знакам бразільскага дамінавання. На 56-й хвіліне Нэймар пачаў камбінацыю пяткай і сам жа ў падзенні замкнуў прастрэл партнёра. Гэта быў яго другі гол на гэтым турніры, а агулам 6-ы на мундыялях. І ў далейшым эксцэнтрычны форвард быў сама прыкметным на полі: то прарываўся ва ўладанні “ацтэкаў”, то сімуляваў, то нават адпрацоўваў у абароне. Час ішоў, а мексіканцы ніяк не маглі выбрацца на прастору з ціскоў пентакампеонаў.
Мексіканцы ніколі не забівалі на чэмпіянатах свету ў браму Бразіліі. Не здолелі яны зрабіць гэта і зараз. Больш таго, выйшаўшы на замену Фірміна, скарыстаўшыся пасам таго ж Нэймара, за пару хвілін да фінальнага свістка пазбавіў паўночнаамерыканцаў усялякіх ілюзій.
Бразілія – Мексіка – 2:0 (Нэймар, 56-я, Фірміна, 88-я)
Зусім іншы характар меў спабор дружын Бельгіі і Японіі. Азіяты зразу далі зразумець, што не будуць хлопчыкамі для збівання. Саступаючы бельгійцам па фактуры, яны бралі сваё хуткасцю і спрытам. Еўрапейцы ніяк не маглі знайсці нетрывіяльныя хады, каб адамкнуць штрафную супернікаў. Найбольш прыкметным у шэрагах Бельгіі быў Эдэн Азар. На 27-й хвіліне яго магутны удар адбіў Кавасіма. А ў самай канцоўцы тайма ледзь не аканфузіўся на іншым канцы поля Куртуа – але мяч не паспей запаўзці за лінію.
Другая палова сустрэчы выдалася проста фестывальнай. На 48-й хвіліне Генкі Харагуці ўзорна паказаў як распраўляцца з абаронай суперніка. Услед Азар смачна бахнуў у штангу. Стала зразумела, што махавік раскруціўся напоўніцу. На 52-й хвіліне лепшы на гэтым турніры ў складзе “сініх самураяў” Такасі Інуі паклаў більярдны шар у сетку збянтэжанага Цібо Куртуа. Бельгійскія заўзятары былі ў шоку. Але іх каманда літаральна адрадзілася з попелу. На 69-й хвіліне фартуна вярнула бельгійцам даўжок – у сеці Кавасімы прыляцела парабала ад Яна Фертонгена. Стракаты еўрапейскі інтэрнацыянал прадоўжыў штурм і неўзабаве галава ўзнятага з лаўкі запасных Маруана Фелайні знайшла мяч у патрэбнай кропцы – 2:2. Японцы агрызаліся як маглі і таксама атакавалі. Іх неабачлівасць на апошніх секундах матчу прывяла да контратакі бельгійцаў і выйшаўшы на замену свежы Насэр Шадлі забіў вырашальны мяч.
Бельгія – Японія – 3:2 (Фертонген, 69-я, Фелайні, 74-я, Шадлі, 93-я; Харагуці, 48-я, Інуі, 52-я)
Такім чынам у адным з чвэрцьфіналаў сустрэнуцца Бразілія – Бельгія
3 ліпеня пройдуць заключныя сустрэчы 1/8-й фіналу. А 17-й гадзіне ў Пецярбургу пачнуць змаганне дзе еўрапейскія дружыны – Швецыі і Швайцарыі. На чэмпіянатах свету раней яны спатыкаліся толькі ў адборавых турнірах, тыя даўнія матчы праходзілі з пераменным поспехам. У стане альпійцаў сур’ёзныя страты: з-за перабору жоўтых картак прапусцяць матч ключавыя абронцы – Стэфан Ліхштайнер і Фабіян Шэр. У скандынаваў таксама значны мінус – з-за траўмы да канца турніру выбыў хаўбек Себасцян Ларсан. За выхад у чвэрцьфінал чакаецца сапраўдная бітва апанентаў аднаго класу, але рознага тэмпераменту.
А 21- гадзіне ў Маскве выйдуць на газон зборныя Калумбіі і Англіі – зыдуцца полымя і лёд. Калумбійцы ніколі не перамагалі Англію раней. Лідар каманды “трох ільвоў” – Хары Кейн у поўным парадку і можа стаць лепшым бамбардзірам турніру. Да яго з брытанцаў гэта ўдавалася толькі незабыўнаму Гары Лінекеру ў 1986 годзе. А вось лепшы снайпер мінулага чэмпіянату калумбіец Хамес Радрыгес пакутуе ад траўм і невядома ці ўвогуле выйдзе на гэтае спатканне.
Беларускае Радыё Рацыя