Бразільскі акцэнт – на Радыё Рацыя
На нашым радыё па буднях і ў суботу ў 12.10 беларускага часу, а таксама ў нядзелю ў 17.40 – самыя цікавыя падзеі Алімпіады ў праграме “Бразільскі акцэнт”.
5 жніўня стартавалі ў Рыа-дэ-Жанэйра летнія Алімпійскія гульні. Радыё Рацыя будзе адсочваць гэтую спартовую падзею. За Рыа-дэ-Жанэйра будзе сачыць журналіст Радыё Рацыя Антон Разумоўскі.
РР: Перадусім мусім паведаміць, што ты будзеш рыхтаваць адмысловыя перадачы, прысвечаныя таму, што адбываецца на Алімпійскіх гульнях у Рыа-дэ-Жанэйра. Перадусім будзем, напэўна, прыглядацца да выступаў беларусаў. Паводле цябе, наколькі моцная беларуская зборная на гэтай Алімпіядзе?
Антон Разумоўскі: Спачатку хацеў бы сказаць пра саму перадачу “Бразільскі акцэнт”. Адразу хачу супакоіць нашых слухачоў, перадача будзе выходзіць па-беларуску, без ніякага “бразільскага акцэнту”. На нашым радыё выходзіць два выпускі спартовых навінаў, але спецыяльна для Алімпіяды было вырашана стварыць адмысовую перадачу. Што тычыць твайго пытання, канешне, беларуская зборная аслабленая дыскваліфікацыямі грабцоў, гэта браты Багдановічы, яны заваявалі срэбра на мінулай Альмпіядзе, дарэчы, зборная па грэблі на байдарках і каноэ заваявала тры медалі на апошніх Альмпійскіх гульнях у Лондане. Ну а ў іншым, можна сказаць, што зборная Беларусі выглядае параўнальна з іншымі гульнямі, дзе заваёўвалася па 2-4 залатыя медалі. Найлепшыя выступы былі ў Пекіне, там чатыры залатыя медалі. Думаю, што і ў гэтым годзе таксама атрымаем падобны вынік. Прынамсі, галоўныя мае надзеі разлічаны на кідальніка молата Івана Ціхана, ён вярнуўся пасля допінгавай дыскваліфікацыі, спадзяюся, заменіць срэбра на золата, але яму будуць сур’ёзна супернічаць польскія атлеты. У іншых відах спорту спадзяванні на Аляксандру Герасіменю, яна таксама срэбная прызёрка мінулай Алімпіяды. Ну і традыцыйна добра выглядаюць шансы беларускіх лёгкаатлетаў – напрыклад, у Аліны Талай. Варта згадаць яшчэ шашэйніка Васіля Кірыенку і тэнісіста Максіма Мірнага. Ну і, традыцыйна, Кацярына Карстэн – наш найлепшы прадстаўнік у грэблі.
РР: Прадстаўляючы гэтыя спадзяванні прагучала слова, якое не сыходзіць з загалоўкаў газетаў ужо фактычна паўгода – допінг. Допінгавыя скандалы, напэўна, зацмілі ўвогуле чаканне Алімпіяды. Як выглядае гэтая справа? Ці бачна, што Міжнародны алімпійскі камітэт будзе на гэтай Алімпіядзе інакш неяк прыглядацца, каб, прынамсі, не было працягу гэтага скандала.
Антон Разумоўскі: Беларускіх атлетаў гэтая справа толькі зачапіла, таму што выбухнала яна ў Расеі. І паводле дакладу Міжнароднай антыдопінгавай асацыяцыі, каля 600 расейскіх атлетаў былі заўважаныя і злоўленыя на допінгу. Што тычыцца праверак падчас Алімпіяды, не думаю, што будуць зменены нейкім чынам працэдуры. Думаю, ужо вырашана справа, як там з новым рэчывам, якое занесена толькі з новага года, – мельдоніем. Думаю, усе каманды маюць сваіх медыкаў, якія добра ведаюць, якім чынам таго пазбегчы.
РР: Калі казаць пра наша беларуска-польскае памежжа, перадусім пра Берасцейшчыну і Гарадзеншчыну, дзе нашыя патэнцыйныя слухачы, хто паехаў з нашага рэгіёну у Рыа-дэ-Жанэйра, хто будзе высупаць і абараняць Беларусь?
Антон Разумоўскі: Канешне, мы сапраўды будзем засяроджваць увагу на атлетах з нашага рэгіёну. Дарэчы, Гарадзеншчына выйграла сярод абласцей па колькасці заваяваных алімпійскіх ліцэнзіяў. 23 прадстаўнікі Гарадзеншчыны паехалі на Алімпіяду. Сярод гарадзенцаў гэта: Іван Ціхан, Павел Барэйша – кідальнік молата, а таксама палова жаночай зборнай Беларусі па баскетболе складаецца як раз з прадстаўніц Гарадзенскай вобласці. З берасцейскіх спартоўцаў трэба адзначыць раварыстку Алену Амялюсік, берасцейцаў шмат у нашай лёгкаатлетычнай зборнай.
Гутарыў Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя