Брытанскі віскі ці пірэнейскі партвейн?
Афіша дня – першы паўфінал Еўра – у Ліёне будуць змагацца Партугалія і Ўэльс. З чым жа падышлі да гэтага спаткання супернікі? Апаненты розныя па стылі, тэмпераменту, традыцыях. Розны быў і шлях да паўфінальнага матчу, перамога ў якім гарантуе сярэбраныя ўзнагароды, бронзавыя ж медалі ўжо ў кішэнях.
Зборная Ўэльса перамагла ў трох матчах запар. Партугальцы ж на гэтым турніры ў асноўны час зусім не перамагалі – тры нічыі на першай стадыі, вікторыя над харватамі ў дадатковы час, і над палякамі ў серыі пасляматчавых пенальці. З іншага боку пірэнейцы маюць іншую зайздросную серыю – яны ў фінальных турнірах Еўра не спазнаюць горычы паразаў у асноўны час ужо ў 9 матчах запар. Як такое можа быць – вельмі проста: на Еўра 4 гады таму Партугалія саступіла Германіі, пасля чаго выйграла 2 матчы ў групе, потым чвэрцьфінал у чэхаў, а потым ў паўфінале саступіла толькі па пасляматчавых пенальці будучым чэмпіёнам – іспанцам. Уэльс забівае ў чатырох апошніх сустрэчах запар, Партугалія – у трох. Валійскі галкіпер Уэйн Хенэсі прапусціў на турніры 4 мячы, яго калега па амплуа партугалец Руі Патрысіу – 5.
Крышціяну Раналду, які выступае ўжо на чацвёртым Еўра, мае за плячыма 19 матчаў у фінальных турнірах. А гэта значыць, што сёння ў яго юбілейны – 20-ы. У гэтай намінацыі партугальцу няма роўных. На гэтым чэмпіянаце Крышціяну абышоў ранейшых рэкардсменаў – француза Ліліяна Цюрама і галяндца Эдвіна ван дэр Сара, у якіх па 16 праведзеных матчаў. Раналду да ўсяго другі па забітых мячах у фінальных стадыях першынстваў кантыненту – у яго 8 мячоў і да непаўторнага Мішэля Плаціні застаўся толькі адзін гол. Рэкорд Плаціні трымаецца ўжо 32 гады – з далёкага 1984-га. Аднаклубнік Раналду па мадрыдскім “Рэале” валіец Гарэт Бэйл выступае на сваім першым Еўра, але ўжо мае ў актыве 3 мячы, пакуль ён толькі ў статусе нацыянальнага рэкардсмена. Зрэшты, абодва напэўна не думаюць пра свае асабістыя дасягненні ў такой сітуацыі. Вобразы двух лідараў амаль супрацьлеглыя – наскрозь гламурны і напамаджаны Крышціяну Раналду і сціплы прыкладны “выдатнік” Гарэт Бэйл. Плюхнуў алею ў агонь і знакаміты ў мінулым балгарскі футбаліст Хрыста Стоічкаў. Ён заявіў, што Раналду можа атрымаць “Залаты мяч” толькі з-за знешнасці, а на яго думку гэты прыз найбольш заслугоўваюць француз Антуан Грызман альбо менавіта Гарэт Бэйл. Сам Бэйл прыгадаў напярэдадні паўфіналу, што яго іншы партнёр па “Рэале” – Тоні Крос са зборнай Нямеччыны перад чэмпіянатам сказаў, што Уэльс будзе мець толькі 3 матчы на гэтым Еўра. “Добра было б сустрэцца з ім у фінале” – дадаў Бэйл.
Кадравыя страты ў стане каманды Крыса Коўлмэна значныя. З-за дзвюх жоўтых картак, атрыманых у папярэдніх спатканнях, у паўфінале не выступяць абаронец Бэн Дэвіс і дыспетчар Арон Рамсэй. Страта Рамсэя, які злавіў на гэтым турніры сапраўдны кураж, асабліва цяжкая. І гэта сапраўды так – у папярэдніх 5 матчах Арон забіў мяч і зрабіў ажно 4 голавыя перадачы. У намінацыі лепшых асістэнтаў Еўра ён дзеліць першынства разам з бельгійцам Эдэнам Азарам. У партугальцаў дакладна не будзе на газоне з той жа прычыны дыскваліфікацыі хаўбека Вільяма Карвалью.
Што датычыць тактычнай расстаноўкі на полі – то партугальскі настаўнік Фернанду Сантуш прыменіць хутчэй усяго схему 4-3-1-2 з высунутымі наперад Нані і Раналду. Яго візаві Крыс Коўлмэн насыціць абарону, прымяніўшы незвычайны варыянт 5-3-2. Судзіць будзе шведская брыгада на чале з Юнасам Эрыксанам.
Што будзе ліцца ракой пасля матча – брытанскі віскі ці пірэнейскі партвейн – даведаемся бліжэй да ночы.
Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя